Сельскi бібліятэкар больш за 20 гадоў збiрае матэрыял па гісторыі вёскі Сасноўка ў Віцебскім раёне

logo
Суббота, 11.12.2021 17:39 | Рубрика: Культура
02746
Бібліятэкар I катэгорыі Сасноўскай сельскай бібліятэкі Ніна Ларкова, колькі працуе тут — а гэта больш за два дзесяцігоддзі, столькі піша і гісторыю родных мясцін.


Прызнаецца, што спачатку ў яе была проста звычайная цікаўнасць да таго, што распавядалі ёй дзеткі, якія прыходзілі за кніжкамі. Многія нагадвалі прыпавесці і легенды, напоўненыя шчырай цеплынёй да герояў гэтых гісторый — паноў Магучых і членаў сям’і, некаторыя байкі дайшлі да сённяшняга часу ўнукам і праўнукам ад іх бабуль і дзядуль.

А калі Ніна Лявонаўна сур’ёзна зацікавілася родам Магучых, у ёй прачнуўся сапраўдны талент навукоўца, даследчага, краязнаўцы.
Пошукі звестак аб генеалагічным дрэве вядомага ў гісторыі Беларусі роду, радзімай якога аказалася вёска Гародня, тэрыторыя сённяшняй Сасноўкі, работа ў архівах, пошук патомкаў праз перапіску і з дапамогай сучасных электронных сродкаў, прывялі бібліятэкара Сасноўскай сельскай бібліятэкі дзяржаўнай установы культуры «Віцебская раённая цэнтральная бібліятэчная сістэма» да ўсведамлення непарыўнай сувязі з мінулым, ролі асобы ў гісторыі роднага мястэчка. З’явіліся матэрыялы, якія знайшлі і даслалі ў Сасноўку памочнікі Ніны Ларковай з Расіі, Польшчы — патомкі роду Магучых, Шавярноўскіх, карані якіх ёсць нават у Бразіліі, Аўстраліі.

Так з’явіўся рабочы сшытак пад назвай «Штрышкі да партрэта Гародні. Гісторыя вёскі. Частка I. Дарэвалюцыйны перыяд». Работа, дасланая ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, атрымала Дыплом II ступені ў XXVIII Рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» у намінацыі «За пошукавую і даследчую працу».


Сёння, як падзялілася Ніна Ларкова, ужо сабраны багаты матэрыял аб даваенным і пасляваенным перыядах гісторыі мястэчка, які патрабуе сістэматызацыі, а ў электронным выглядзе поўнасцю гатовы раздзел пра ваенны час.

Да першай часткі свайго самвыдавецтва аўтар даслала эпіграф — выказванне вядомага рускага гісторыка Мікалая Карамзіна: «Гісторыя продкаў заўжды цікавая для таго, хто варты мець Айчыну».


Любоў да роднага краю, жаданне падзяліцца ёю з дзецьмі, маладымі жыхарамі Сасноўкі, а таксама з усімі, хто наведвае вёску, праяўляецца не толькі ў краязнаўчай творчасці Ніны Лявонаўны. Разам з супрацоўнікамі Сасноўскага сельскага клуба, з якім бібліятэка займае адзін будынак, няўрымслівы чалавек стварае арыгінальныя кармушкі для птушак, а цяпер тут жа, на высокім беразе цудоўнага возера, супрацоўнікі ўстанавілі стэнд, які распавядае пра возера Гародна. У планах — ствараць такія «памятныя дошкі» і на другіх цікавых з гістарычнага пункту гледжання аб’ектах Сасноўкі. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ДРАЗДОВА. Фота аўтара.