55-годдзе з дня адкрыцця адзначыў музей Обальскага камсамольскага падполля ў Шумілінскім раёне

logo
Понедельник, 02.11.2020 09:27 | Рубрика: Культура
02846

Урачыстае мерапрыемства «Памяць сэрца» сабрала шмат гасцей, сярод якіх старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, старшыня Шумілінскага райвыканкама Віктар Гутараў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, іншыя госці. Адчуць моц і важнасць подзвігу юных падпольшчыкаў, у чарговы раз прапусціць праз сэрца падзеі Вялікай Айчыннай вайны дазволіла экскурсія па экспазіцыі музея.

Пра важнасць патрыятычнай работы з моладдзю гаварыў, выступаючы на ўрачытсасцях, Уладзімір Цярэнцьеў. Ён пажадаў, каб дзверы музея Обальскага камсамольскага падполля ніколі не зачыняліся, каб грамадства цікавілася гісторыяй, цаніла і не забывала подзвіг дзедаў і прадзедаў у імя нашага мірнага жыцця. Уладзімір Уладзіміравіч пакінуў запіс у кнізе шаноўных гасцей.

Усе прысутныя скарысталі нагоду павіншаваць адзін аднаго са святам маладосці і светлых надзей – днём нараджэння УЛКСМ, які адззначаецца 29 кастрычніка.

Смелыя, гордыя, непакорныя

У пасёлку Обаль, які фашысты ў час акупацыі з-за зручнасці чыгуначных і аўтамабільных шляхоў абралі сваім асноўным пунктам дыслакацыі, у ліку першых на барацьбу з ворагам паўсталі юнакі і дзяўчаты. Менавіта тут у пачатку 1942 года ўзнікла падпольная камсамольская арганізацыя «Юныя мсціўцы».

У яе ўвайшлі 38 юнакоў і дзяўчат. Кіруючае ядро складалі Фруза Зянькова, Марыя Дзяменцьева, Уладзімір, Ілья і Яўген Езавітавы, Марыя Лузгіна, Зіна Партнова, Ніна Азоліна, Валянціна Шашкова. Усе юныя падпольшчыкі былі залічаны ў партызанскі атрад імя Варашылава. Самай дарослай з іх была 20-гадовая Фруза Зянькова, якую абралі сакратаром арганізацыі. Яна адна з нямногіх, каму пашчасціла выжыць і ўбачыць свой край вольным. Самай юнай падпольшчыцай была Зіна Партнова – 15-гадовая ленінградская школьніца, што прыехала ў Обаль да бабулі на канікулы. Яна прайшла праз нечалавечую лютасць, здзекі, прыняла пакутлівую смерць, каб застацца ў нашай памяці няскораным сімвалам свабоды. Яе ўчынак, калі падчас допытаў у гестапа, дзяўчына схапіла пісталет следчага і застрэліла фашыста, стаў легендай. Зіне Партновай не ўдалося вырвацца з лап фашыстаў, але сваім кароткім, яркім, як факел, жыццём школьніца высока ўзняла сцяг веры ў Перамогу. У 1958 годзе Ефрасінні Зяньковай і Зінаідзе Партновай (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Юныя мсціўцы здзейснілі шмат дыверсій. Яны ўзарвалі электрастанцыю, цагельны завод, чыгуначны склад і матавоз на тарфяным заводзе, спалілі льнозавод з дзвюма тысячамі тон лёну, прыгатаванымі да адпраўкі ў Германію. Уладзіміру Езавітаву ўдалося ўзарваць афіцэра-карніка Карла Бормана разам з яго машынай. Пяцёра ўдзельнікаў Обальскага падполля ўзнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, 10 – ордэнам Айчыннай вайны I ступені. 12 ардэнаносцаў – пасмяротна.

Тут не мог не з’явіцца музей

Усё пачалося з таго, што обальскія вучні вырашылі стварыць у сваёй школе музей, прысвечаны подзвігам аднагодкаў у гады вайны.

Краязнаўчы гурток сабраў матэрыял, які лёг у аснову стварэння школьнага музея, што ўрачыста адкрыўся 29 кастрычніка 1958 года да 40-годдзя ВЛКСМ. Дырэктарам стаў удзельнік Обальскага камсамольскага падполля Аркадзь Барбашоў. Неўзабаве музею стала цесна ў сценах школы. 29 кастрычніка 1965 года на падставе рашэння Міністэрства культуры БССР у Обалі быў заснаваны Рэспубліканскі музей камсамольскай славы – філіял Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Першым яго загадчыкам стаў Фёдар Хорань. А ў 1966 годзе на гэту пасаду прыйшла Нэлі Азоліна. Нэлі Адольфаўна 47 гадоў свайго жыцця аддала музейнай рабоце, 36 з якіх з’яўлялася дырэктарам установы. Выбар месца працы ёю быў зроблены свядома: да гэтага абавязвала памяць пра старэйшую сястру, падпольшчыцу Ніну Азоліну, якая трагічна загінула.

Першапачаткова матэрыялы музея адлюстроўвалі гераічны шлях, пройдзены камсамолам Беларусі за гісторыю свайго існавання. У 1985 годзе, пасля правядзення рээкспазіцыі, музей быў перайменаваны ў музей Обальскага камсамольскага падполля ў памяць пра подзвігі юных мсціўцаў. З 1 студзеня 1990 года – перададзены ў распараджэнне Віцебскага абласнога ўпраўлення культуры, а з 1 красавіка 2002 года ён стаў філіялам Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. У 2008 годзе была праведзена маштабная рэканструкцыя. Абноўленая экспазіцыя, багатая новымі экспанатамі і інсталяцыямі, адпаведнае асвятленне і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць наведвальнікам музея асабліва востра адчуць трагізм ваенных падзей.

Памяць пра подзвігі жыве вечна

– Сёння музей Обальскага камсамольскага падполля з’яўляецца візітнай карткай раёна, – кажа дырэктар Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова. – Тут сабрана больш за 1500 экспанатаў асноўнага фонду і 800 – навукова-дапаможнага. Аснову экспазіцыі ўтвараюць матэрыялы пра дзейнасць падпольнай камсамольскай арганізацыі «Юныя мсціўцы». Сярод унікальных экспанатаў – дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы герояў-камсамольцаў, творы выяўленчага мастацтва, якія адлюстроўваюць подзвіг обальскіх маладагвардзейцаў. Некаторыя з іх прызнаны асабліва каштоўнымі і ўнесены ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Сотні тысяч гасцей пабывалі ў музеі за гады існавання, сярод якіх, да прыкладу, першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Пётр Машэраў. У сярэднім за год установу наведвае больш за 4,5 тысячы чалавек.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара і Алены КАРПУШЭНКІ.