Артэфакты са сваіх фондаў прадставілі Дамы рамёстваў вобласці для выставы-конкурсу «Рэлiквiя» ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці

logo
Понедельник, 02.12.2019 09:34 | Рубрика: Культура
02564

Такая выстава ў мэтах агляду фондаў артэфактаў этнаграфіі, што былі сабраны супрацоўнікамі Дамоў і Цэнтраў рамёстваў з 15-ці рэгіёнаў Віцебшчыны, а таксама стымулявання цікаўнасці да збіральніцтва ўнікальных помнікаў побыту і традыцыйнай народнай культуры праводзіцца ўпершыню.

Тут можна пабачыць прадметы побыту і традыцыйных рамёстваў: гэта набойка, маляванка, драўляная скульптура, куфры, народны жывапіс і абразы, фрагменты народнага адзення і абутку, лозапляценне, вышыўка і ткацтва розных тэхнік і ўсё многае іншае.

Дырэктар АМЦНТ Кацярына Лабука падчас адкрыцця выставы адзначыла, што экспазіцыю можна лічыць яшчэ і юбілейнай, бо многія цэнтры і дамы рамёстваў сёлета адзначаюць кожны свой юбілей — хто 30, хто 25 год з дня стварэння.

Выстава атрымалася цудоўнай і багатай і стварыла асаблівую атмасферу ў невялічкай зале, бо, як сказала дэкан мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава Галіна Бабровіч, калі знаходзішся побач з узорамі народнай творчасці, адчуваеш іх цеплыню. Кіраўнік прыйшла разам са сваімі юнымі студэнткамі, каб папулізаваць народнае мастацтва ў маладзёжным асяроддзі.

Цэнтрам увагі стаў маляваны дыван Язэпа Драздовіча, які прывезлі супрацоўнікі Дома рамёстваў Шаркаўшчынскага раёна; Ушацкі Дом рамёстваў прадаставіў багатую калекцыю драўлянай разьбы; дырэктар Бешанковіцкага Дома рамёстваў Алеся Аўчыннікава паказала асабістыя, сямейныя рэліквіі свайго дзядулі Фёдара Максімава. Вельмі багатую экспазіцыю прывёз Лепельскі Дом рамёстваў – гэта аўтэнтычныя рэчы, імі карысталіся ў пачатку XX стагоддзя. Тут і андаракі, і катухі, і хуста. Як падкрэсліла кандыдат мастацтвазнаўства, вядучы метадыст АМЦНТ Людміла Вакар, такіх рэчаў наогул вельмі мала захавалася, а тое, што мы бачым, — сапраўднае музейнае багацце, рэліквіі, праз якія захоўваецца генная памяць.

Выстава будзе працаваць да 16 снежня.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ДРАЗДОВА. Фота аўтара.