Рыгор Шацько аб знаёмстве дзеда з Якубам Коласам, мары сыграць Сакрата i жыццёвым дэвiзе

logo
Среда, 17.04.2019 15:09 | Рубрика: Культура
04283

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Рыгор Шацько адзначыў свой 60-гадовы юбілей.

Дык, можа, невыпадкова жыццёвы лёс звязаў Рыгора Шацько з Коласаўскім тэатрам? І не толькі з ім. Але і з асобай, чыё імя носіць знакаміты калектыў. У адным са спектакляў – “Зямля” паводле творчасці народнага песняра – ён выйшаў у вобразе Якуба Коласа. А ўвогуле першае яго знаёмства з тэатрам адбылося яшчэ пад час вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, калі студэнты другога курса – вучні выдатнага педагога Аляксандра Бутакова – прыехалі ў Віцебск, каб паказацца перад мастацкім кіраўніцтвам калектыву. Рыгор Шацько тады з задавальненнем іграў у чэхаўскай “Прапанове”. Ну а крыху пазней, у 1984 годзе, ён па размеркаваннi трапіў у Коласаўскі тэатр і застаўся тут на ўсё жыццё.

– Часцяком нейкія важныя моманты, факты, падзеі падштурхоўваюць да таго, каб малады чалавек выбіраў акцёрскую прафесію. А як, Рыгор Іванавіч, здарылася ў вас?

– Неяк у рэспубліцы праводзіўся конкурс маладых чытальнікаў. Я зрабіў кампазіцыю паводле паэмы Петруся Броўкі “Голас сэрца”. І з ёй прайшоў у раён, потым – у вобласць і нарэшце – у рэспубліку. Заняў 2 месца. І мне неяк спадабалася гэта справа. Я ж і раней удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. У тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе набіраў акцёрскі курс Аляксандр Бутакоў, прайшоў усе туры, а наступны – субяседванне. Ілья Курган, выдатны наш дыктар, педагог па сцэнічнай мове, задае пытанне: “ Ці любіце вы тэатр?” На што я шчыра адказаў, што там ніколі не быў. Уся камісія пакрыўдзілася. Мяне спыталі: ”А што вы будзеце рабіць, калі мы вас не прымем?” – “Ну што ж, паступлю ў другі інстытут”. Прынеслі мой атэстат, а там некалькі чацвёрак , астатнія – пяцёркі. Сказалі, што да нас такія не ідуць. Паступіў ва ўніверсітэт (БДУ) на вячэрняе аддзяленне філалагічнага факультэта, там пісаў вершы, быў знаёмы і з Міхасём Стральцовым, і з Алесем Пісарыкам. Працаваў вызваленым сакратаром Мінскага гаркама камсамола. Адслужыў у арміi, дзе таксама ўдзельнічаў у самадзейнасці. Вярнуўся з войска і не стаў аднаўляцца ва ўніверсітэце. Зноў пайшоў паступаць на акцёра, і так ужо атрымалася, што курс набіраў усё той жа Бутакоў.

– Маё наступнае пытанне будзе пра вашу малую радзіму, пра бацькоў.

– Ракаў – гэта такое мястэчка, некалі багатае, з трыма верамі – каталіцкай, праваслаўнай, іўдзейскай. Тры касцёлы, сінагога, кірмаш. Бацька быў намеснікам дырэктара школы, маці там жа выкладала замежную мову. Там быў вялікі дзіцячы дом, дзе мой бацька таксама працаваў – дырэктарам. Да гэтага часу ў пасёлку захаваліся старыя рамесныя вучылішчы. Там жа здымаўся фільм “Гадзіннік спыніўся апоўначы”. Захаваўся старажытны дух Заходняй Беларусі. Менавіта з нашага пасёлка пачынаўся Валожынскі раён, ён на самай яго мяжы.

– Ваш дзед быў сапраўды добра знаёмы з самім Якубам Коласам?

– Так. У яго творчай спадчыне нават ёсць радкі, прысвечаныя сустрэчам з ім:

А Шацька мёдам пачастуе
І чарку поўную налье…

У дзеда быў свой хутар, свая пасека. А Якуб Колас побач здымаў лецішча, адпачываў, і ён да нас часта заходзіў пачаставацца самагонкай, мёдам. Бабка яшчэ бурчэла: “Вось прыйдзе і сапсуе чалавека з самага ранку”. Бо дзед потым ужо працаваць не хоча, убярэцца спаць. У 1952 годзе яго рэпрэсіравалі і разам з бабкай вывезлі ў Казахстан.

– Ці памятаеце вы першую сваю вялікую ролю на коласаўскай сцэне?

– Так, быў у нас такі спектакль “Ах, які пасаж!” паводле рускіх класічных вадэвіляў. Ставіў яго Ігар Баярынцаў. Я іграў Аляксандра Залатнікова. Працаваў у пары з народным артыстам Беларусі Уладзімірам Куляшовым: ён бацька, я сын. Гэткі няўдалы закаханы, што валочыцца за кожнай спадніцай. Я іграў чалавека вельмі апантанага ідэяй жаніцца. Гэты спектакль меў вялікі поспех, былі поўныя ложы народу, крыкі “Брава!”

– Здаецца, вы і спявалі там?

– Так, прыйшлося. Я не люблю спяваць пад аркестр. Хоць у нас чатыры гады былі ў інстытуце сольныя спевы, і я магу настроіць свой галасавы апарат.Але вось пад аркестр спяваць не люблю. Шыкоўныя рускія вадэвілі, а якія артысты працавалі! І Маркіна, і Сяўко, і Дубаў. Давялося разам з імі працаваць і вучыцца.

– Ці можаце вы назваць ролю, над якой найбольш складана было працаваць, якая нараджалася ў пакутах?

– Стварэнне кожнага вобраза – гэта пакуты нараджэння. Калі прыходзіцца нават у сталым узросце нацягваць на сябе скуру другога чалавека. Гэта чысты спірытызм. Нездарма і царква нас не вельмі шануе. Вось, напрыклад, п’еса Булгакава “Здурнелы Журдэн”. Як мы ўсё пералапацілі, і ўрэшце рэшт зрабілі з Журдэна Сталіна. Пачынаў тады сябе адчуваць, думаць і паводзіць як сам герой. Астраў з “Дзядзі Вані” – складаная роля, але цікавая і зусім не пакутлівая.

– Тое, што гэты ваш вобраз, а не Вайніцкі, выйшаў на першы план у спектаклі – гэта задума рэжысёра ці ваша заслуга як выканаўцы?

– Яны проста вельмі розныя. Дзядзя Ваня – гэта чалавек , якога загубіла правінцыя, гэтае жыццё, што ператварыла яго, інтэлігента, у гандляра, мянялу.Чым быў больш зломлены герой Шыпілы, тым мацней быў яго вобраз. Ён стаў проста селянінам. А Астраў мацней, бо ён яшчэ пакуль змагаецца, нешта робіць, прыдумвае ідэі. Жэня Шыпіла быў моцны артыст, але якраз народнага плану, герой-прасцяк. І на ідэю спектакля ён добра працаваў. А мне прыйшлося цягнуць другую лінію – не дарэшты зламанага чалавека. Але канец адзін у абодвух. Вельмі непрыемна было іграць ролю Піліпа ў “Пакрыўджаных”. Сама па сабе атмасфера жудасная, калі яму даводзіцца ісці на могілкі і раскопваць іх у пошуку скарба.

– З тых роляў, што зараз знаходзяцца ў рэпертуары, якія найбольш блізкія вам?

– Мабыць, апошнія дзве – Актаўё ў “Дурнічцы” Лопэ дэ Вегі і Дзед з “Бальніцы на краі свету” Хрысты Бойчава. У апошняй пастаноўцы я ні на хвіліну не павінен быць дурнем. Я для сябе апраўдваю кожнае яго слова. Чалавек трапляе ў гэтыя абставіны, у гэтую замкнёную прастору і імкнецца аб’яднаць усіх, згуртаваць, бо адзін не выжывеш. Ён з гэтымі бацькоўскімі адносінамі да іншых насельнікаў палаты хоча кожнаму дапамагчы. Калі застаешся адзін, ты паміраеш. Як тая ж бабка, яго жонка.

– Ці ёсць такая роля, якую марыцца сыграць?

– Зараз ужо цяжка аб гэтым гаварыць. Хіба што толькі Сакрата. Мне падабаецца Чэхаў, сваёй глыбінёй. У сучаснай драматургіі чалавек раскрываецца ў надзвычайных сітуацыях: альбо страта памяці, альбо забойства. Чаму нельга паказаць звычайных, нармальных людзей? Добра, што мы звярнуліся да балгарскай драматургіі, яна больш глыбокая.

– Вы дастаткова доўга працавалі дырэктарам тэатра – з 1997-га па 2012 год. Што падштурхнула вас да гэтай дзейнасці? Ці не шкадавалі потым, што на такі працяглы час адышлі ад акцёрскай працы?

– Як гэта адбылося? Выклікалі ў аблвыканкам і прапанавалі, адразу зацвердзілі ў міністэрстве. Чаму? Можа, так сябе паводзіў, так трымаў сябе на сцэне, магчыма паўплываў мой вопыт камсамольскай работы ў маладыя гады. Але справа ў тым, што тады былі іншыя часы. Да мяне дырэктара тэатра забілі, пасля – мастацкага кіраўніка. Прымаць пасля іх справу было вельмі складана. Я сутыкнуўся і з бандытамі, і з “сябрамі”, і з нявыплачанымі падаткамі. Усе баяліся ісці ў гэтую справу. Тады і забівалі, і кралі. Чаго толькі не было ў тыя ліхія 90-я гады. Але я ўсё гэта вытрымаў. Якраз тады прыйшоў Баркоўскі, і нам разам удалося узрушыць тэатр. Ён стаў другім, цікавым гледачу. Я вось зараз успамінаю, колькі мы паездзілі, на ўсе самай вышэйшай ступені фестывалі, дзе грымелі такія імёны, як Вайткус, Някрошус і… Баркоўскі. Торуньскі фестываль, Бонскае біенале… Але гэта выклікала незадаволенасць другой часткі трупы, якая ў гэтых праектах не ўдзельнічала: чаму вы ездзіце, а мы – не? Але ўсе гэтыя паездкі ішлі на карысць тэатру. Падчас Эдынбургскага фестывалю мы прачынаемся, а на старонках газеты “Гардыян” нашы здымкі. Мы не маглі зачыніць дзверы тэатра, бо сюды імкнуўся сусветны глядач. Гастролі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу з яго элітнай публікай і крытыкай, Дні беларускай культуры ў Мурманску. Прыемна было даставаць грошы, вазіць трупу і самому ўдзельнічаць у гэтых праектах. Тэатр быў на ўздыме.Калі я сыходзіў, у нас была запаўняльнасць глядзельнай залы ў сярэднім 91 працэнт на вячэрнія спектаклі. Непрыемна было, калі ў нас пасля будаўніцтва храма адабралі наш гаспадарчы корпус, забралі гэты дах, на які мы з такой цяжкасцю даставалі грошы. А цяпер ні мы не карыстаемся, ні горад, ніхто. Калі б я не сышоў з гэтай пасады, то ці інфаркт, ці інсульт схапіў бы.

– Ці ёсць у вас творчае крэда альбо жыццёвы дэвіз?

– Баішся – не рабі, зрабіў – не бойся. Калі ўзяўся за ролю, трэба рабіць яе без астатку. Калі баішся стаць дырэктарам – лепей не станавіся. Калі ёсць маральная ўпэўненасць, любую справу можна адужаць.

– Што б вы маглі пажадаць маладым акцёрам, якія толькі пачынаюць свой творчы шлях?

– У складаны час яны прыходзяць у тэатр. Не ведаю, як у іншых краінах, а ў нас з аднаго боку планавая сістэма, з другога – сістэма ставак. Яны прыходзяць і разумеюць, што многа грошай не заробяць, бясплатнае жыллё ім таксама не дадуць. Таму трэба многа мужнасці, каб ісці ў гэтую прафесію. Знайсці нейкі падзаробак у нас цяжка. Калі нават і здымаюцца ў кіно, то ў асноўным у ролях другога плану альбо эпізодах. З самага верху нам кажуць, што ў нас няма нацыянальнай ідэі. Значыць, мы непатрэбныя? Зараз няма ніякіх абмежаванняў, стаўце што хочаце. Але ёсць план! Трэба грошы зарабляць. Але ж хочацца яшчэ і на душы ўздзейнічаць. І з таго боку, з глядзельнай залы, прыходзяць людзі, якія хочуць нешта важнае зразумець і адчуць. Калі гэта сутыкаецца, то адбываецца важная падзея. Магчыма, і добра, што абыходзімся без вялікіх грашовых уліванняў. Але гэта не па-сучаснаму. Так што мае пажаданні такія: паболей трываласці і мужнасці!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Гутарыў Юрый ІВАНОЎСКІ.