Усяго 300 метраў у даўжыню мае вуліца Замкавая, якой у 1974 годзе была вернута гістарычная назва

logo
Суббота, 13.02.2021 16:14 | Рубрика: Год народного единства
01423

І нават Льва Троцкага

Варта адзначыць, што за час свайго існавання вуліца не раз змяняла найменне. Першапачаткова яна была Вялікай, пасля пабудовы дамініканскага касцёла напачатку ХVIII стагоддзя атрымала назву Дамініканская. З ліквідацыяй кляштара гэтага каталіцкага ордэна стала Замкавай. У 1922 годзе вуліцу назвалі ў гонар аднаго з кіраўнікоў рэвалюцыі Льва Троцкага. Калі апошні быў прызнаны ворагам народа і высланы з СССР, яго імя было выкрэслена адусюль, у тым ліку і з карты Віцебска. Замест з’явіліся шыльды з найменнем газеты «Праўда», Кірава… Нарэшце падчас падрыхтоўкі да святкавання 1000-годдзя Віцебска вуліцы вярнулі адно з даўнішніх найменняў.

Ніжні замак стаяў


Замкавая вуліца гістарычна з’яўляецца адной з найстарэйшых у гора­дзе. Гісторыкі ўстанавілі, што людзі тут сяліліся ўжо прынамсі ў ХІ стагоддзі. Фарміраванне ж вуліцы адносіцца да ХIV–XV стагоддзяў. Яе можна ўбачыць на чарцяжы 1664 года. Яна служыла своеасаблівай мяжой паміж Верхнім і Ніжнім замкамі. Праўда, накірунак у яе быў крыху іншы: ад цяперашняй плошчы Свабоды яна ішла да Замкавага ручая за Дабравешчанскай царквой. У свой час побач з праваслаўным храмам знаходзіліся і два касцёлы — фарны і згаданы ўжо вышэй дамініканскі.

У цэнтры горада

На Замкавай заўсёды віравала жыццё і імкліва ўзводзіліся новыя дамы. У ХVIII стагоддзі ў раёне вуліцы размясцiлася «присутственное место» (у 1806 годзе яно перададзена пад дваранскі сход). Нягледзячы на такі статус, плошча каля ўстановы (паміж цяперашнімі тэатрам і былым будынкам канструктарскага бюро), па словах вядомага віцебскага краязнаўцы Мікалая Нікіфароўскага, у народзе звалася Паганай з-за става, які пакрысе ператварыўся ў балота: «По свежему преданiю одна лошаденка даже утонула здесь». Аднак пакрысе месца асушылі, і тут нават сталі гуляць гараджане.

Пасля пажару 1867 года дамы на вуліцы сталі цаглянымі і шматпавярховымі. Так, да рэвалюцыйных падзей тут быў Дзяржаўны банк, які меў стасункі толькі з саліднымі кліентамі. Побач, ля Дзвіны, як сімвал, сказалі б зараз, новых інфармацыйных тэхналогій у доме памешчыка Заранкі запрацавала тэлеграфная станцыя. Дэпешы адсюль адпраўляліся на рускай, нямецкай і французскай мовах. Была мужчынская гімназія. З 1898 года па частцы вуліцы прайшоў маршрут трамвая.

Спыніся, імгненне!

З Замкавай звязана жыццё і вядомага ва ўсім свеце вынаходніка і фатографа Сігізмунда Юркоўскага. Ён першы ў свеце вынайшаў шторна-шчылінны затвор, які дагэтуль выкарыстоўваецца ў плёначных фотаапаратах. У 1867 годзе ён адкрыў на вуліцы сваё атэлье. Дзякуючы дзясяткам захаваўшыхся фота­здымкаў мы ведаем, як выглядаў наш горад у той час.

Нясе добрую вестку

Дарэчы, Дабравешчанская царква, якая ў сённяшняй нумарацыі будынкаў атрымала ганаровы нумар 1, зараз адзіны будынак, які цалкам адпавядае старажытнай назве вуліцы. Археолагі і гісторыкі схіляюцца да думкі, што яе ўзвялі яшчэ ў ХІІ стагоддзі. Асаб­лівасці архітэктуры даюць падставы меркаваць, што ва ўзвядзенні помніка ўдзельнічалі візантыйскія майстры. Перабудавана пры вялікім князі Літоў­скім Альгердзе. Пэўны час належала грэка-католікам, якія яе таксама перарабілі.

На жаль, у пачатку 1960-х гадоў помнік архітэктуры быў амаль цалкам зні­шчаны. Але ў 1990-я яго аднавілі ў першасным выглядзе.

Жыццё па-новаму

Сучаснае аблічча і накірунак вуліца набыла ў 1950–1970-я гады. Тады знеслі ўсю старую забудову, пачынаючы ад чыгуначнага вакзала, каб пракласці шырокую транспартную магістраль ад вакзала да плошчы Свабоды.

Больш за палову вуліцы працягнуўся дом пад нумарам 4. Гэты цікавы архітэктурны аб’ект, пабудаваны ў сярэдзіне 1970-х гадоў, у наро­дзе за знешняе падабенства ахрысці­лі «ДнепраГЭС». У ім размяшчалася праектна-канструктарскае бюро аўтаматычных сістэм кіравання. Праграмна-апаратныя комплексы, спраектаваныя мясцовымі спецыялістамі, выкарыстоўваліся на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюза. Адзін з самых буйных усталявалі на ЭВМ ВА «Гомсельмаш».

Сёння ў будынку размяшчаюцца розныя аддзелы гарвыканкама, камунальныя службы, а таксама мноства арандатараў.

Першы паверх будынка займалі кветкавы магазін, салон для маладых і іншыя ўстановы. Сёння тут таксама багата розных устаноў.

У каралеўстве Мельпамены


Бадай, няма такога гараджаніна, які б ні разу не быў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Створаны ў 1926 годзе як Беларускі Другі дзяржаўны тэатр, ён за час існавання змяніў некалькі месцаў знаходжання, пакуль у 1958 годзе нарэшце не атрымаў адпаведны свайму ўзроўню будынак на вуліцы Замкавай, дзе і сёння радуе нас новымі пастаноўкамі.

Народнаму мсціўцу і палітыку


Неўзабаве пасля гібелі ў аўтакатастрофе 1-га сакратара КПБ Пятра Машэрава ў Віцебску ўсталявалі помнік нашаму земляку. Не ведаю, ці месца было абрана спецыяльна з гэтай нагоды, але побач калісьці знаходзіўся будынак педагагічнага інстытута, які ў 1939 годзе скончыў Пётр Міронавіч. Стваральнікам мемарыяла стаў аўтарскі тандэм скульптара Заіра Азгура (цікава, што родная вёска Заіра Ісакавіча Маўчаны Сенненскага павета знаходзілася ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад Шыркоў, дзе якраз 13 лютага нарадзіўся будучы кіраўнік БССР) і архітэктара Юрыя Казакова. У чырвоныя дні календара і памятныя даты тут заўсёды вянкі і жывыя кветкі. Прыемна, што гэта пляцоўка апошнім часам стала месцам збору моладзі.

І адпачыць, і паесці

У пачатку ХХ стагоддзя на вуліцы функцыянавалі гасцініцы Кушнера і «Брыстоль». У 1973 годзе тут пабудавалі 12-павярховы га­тэль «Віцебск» з аднайменным рэстаранам і кафэ-барам. Ён да гэтага часу захоўвае сваё першапачатковае прызначэнне. З боку бізнэс-цэнтра «Марка-Сіці» сёння прос­та рай для азартных людзей. Там ёсць казіно, гульнявы клуб і букмекерскія канторы.

Гандаль на бойкім месцы


У 1960 годзе на вуліцы быў пабудаваны трохпавярховы цэнтральны ўнівермаг. У 1976-м да яго дабудавалi яшчэ адзін корпус, і гандлёвая плошча вырасла больш чым у два разы. Сённяшняе ААТ «Віцебскі ўнівермаг» — адно са старэйшых і буйнейшых гандлёвых прадпрыемстваў Віцебска, добра знаёмае не аднаму пакаленню гараджан.

Кніжнае каралеўства

У 1975 годзе ў апошнім доме перад вуліцай Леніна адчынілася кнігарня «Глобус». Кожны раз, калі сюды заходжу, набываю ўпэўненасць, што не знікла ў народзе цікавасць да друкаванага слова. Як сказала мне адна пакупніца: «Кожная кніжачка мае чароўны пах свежых старонак». І выбар літаратуры сёння куды багацейшы, чым у гады майго дзяцінства.

Зараз мала хто прыгадае, але калісьці праз дарогу была невялічкая кнігарня «Дружба». Яна спецыялізавалася на распаўсюджванні літаратуры сацыяліс­тычных краін, правадзіліся спецыфічныя прапагандысцкія кніжныя дэкады.

На любы густ

Не страціў сваёй першапачатковай функцыі і магазін «Лазурыт» ААТ «Белювеліргандаль», дзе з 1977 года прадаваліся вырабы з каштоўных і паўкаштоўных металаў. Зараз канкурэнцыю дзяржаўнаму гандлю складае крама кампаніі ZIKO, якая месціцца ў тым жа будынку.

Таксама не адно пакаленне захаджвае ў кавярню «Бульбяная», толькі за дзесяцігоддзі, пасля падсыпання праезджай часткi, яна «сышла ў падполле». Ля ўвахода радуюць зрок прыгожыя стэнды з рэкламай усемагчымых прысмакаў.

Як за замкавымі мурамі

На вуліцы Замкавай усяго адзін жылы дом пад № 21. Якраз з тымі ж Беларусбанкам і «Бульбяной» на першым паверсе. Але жыхарам можна па-добраму пазайздросціць. Ім выпала шчасце не толькі жыць у самым цэнт­ры горада, але і мець у пашпарце такі салідны запіс аб рэгістрацыі: «Віцебск, вуліца Замкавая».

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.