Адна з самых маладых вуліц Віцебска носіць імя нашага знакамітага земляка Уладзіміра Караткевіча, якому сёлета споўнілася б 90 гадоў

logo
Пятница, 20.11.2020 16:26 | Рубрика: Год народного единства
01663

Паэт, пісьменнік, драматург

Гэты вядомы беларускі літаратар мае самае непасрэднае дачыненне да Віцебшчыны. Нарадзіўся ён у Оршы ў 1930 годзе і любоў да сваёй малой ра­дзімы пранёс праз усё жыццё, услаўляючы яе ў шматлікіх творах. Пасля сканчэння ўніверсітэта ў Кіеве ён пэўны час выкладаў у райцэнтры ў школе. Сціпла адзначу, што сярод яго вучняў быў і мой бацька, які прыгадваў былога настаў­ніка самымі цёплымі словамі.

Уладзімір Сямёнавіч плённа працаваў і з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа. Гледачы высока ацанілі пастаўленыя ў супрацоўніцтве з творцам п'есы на гістарычную тэматыку «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі».

Звяртаюцца да творчасці Уладзіміра Караткевіча коласаўцы і цяпер. У розны час на нашай сцэне ішлі пастаўленыя паводле яго твораў п'есы «Леаніды не вернуцца на Зямлю», «Вераб'іная ноч», «Ладдзя роспачы», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Дарэчы, у 1994 годзе ў Віцебску ўрачыста адкрылі помнік Уладзіміру Сямёнавічу. Ён размясціўся ва ўтульным кутку горада ў парку Партызанскай славы імя Міная Шмырова на перакрыжаванні вуліц Чэхава і Суворава. Яго аўтарамі сталі скульптар Іван Казак і архітэктар Валерый Рыбакоў. У святочным мера­прыемстве ўдзельнічаў нават тагачасны кіраўнік Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Грыб. Да помніка штогод у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча, 26 лістапада, ад жыхароў, улады і грамадскіх аб'яднанняў ускладаюцца кветкі. Тут рэгулярна адбываюцца творчыя імпрэзы.

Многія жыхары абласнога цэнтра з задавальненнем наведваюць і кніжнае каралеўства на Маскоўскім праспекце — дзіцячую бібліятэку імя Уладзіміра Караткевіча. Яна з 2000 года працуе па мэтавай праграме «Нам засталася спадчына». У чытальнай зале бібліятэкі экспануецца мемарыяльная выстава «Зямля пад белымі крыламі», прысвечаная жыццю і творчасці Уладзіміра Караткевіча, там жа прадстаўлены творы пісьменнікаў і паэтаў Віцебшчыны — лаўрэатаў прэміі яго імя. Тут для юных карыстальнікаў арганізуюцца літаратурныя святы, сустрэчы з творцамі, трэнінгі, гутаркі, агляды і прэзентацыі кніг, урокі інфармацыйнай культуры. Першыя крокі ў чароўны свет мастацтва маленькія чытачы робяць на занятках клуба «Эўрыка».

«Двойчы названая»

А з наданнем вуліцы імя Караткевіча выйшла трохі кур'ёзная сітуацыя. У 1988 годзе многія гараджане, як і аўтар гэтых радкоў, з радасцю даведаліся з газеты «Віцебскі рабочы», што згодна з рашэннем выканаўчага камітэта гарадскога Савета народных дэпутатаў у нас з'явіцца вуліца ў гонар земляка. Гэта найменне мусілі надаць участку вуліцы Петруся Броўкі ў накірунку абласной бальніцы, пачынаючы ад праспекта Будаўнікоў. У дакуменце абгаворвалася і ўсталяванне на адным з будынкаў мемарыяльнай шыльды.

Аднак на рашэнне, кантроль за якім ускладаўся на Першамайскі райвыканкам, выканаўцы нешта забыліся. Сёння ж выглядае, што гэта ўсё адбылося да лепшага, бо найменне «вуліца Караткевіча» пазней перайшло да магістралі ў мікрараёне Білева-1. Яна мае працягласць больш за кіламетр ад Маскоўскага праспекта да Старабабінавіц­кага тракта. Тут пражываюць тысячы гараджан, пераважна маладыя сем'і. Тэрыторыя толькі адносна нядаўна ўвайшла ў гарадскія межы. Раней тут у ваколіцах Віцебска была вёска Білева, вядомая яшчэ з 1600-х гадоў. Тады яна належала каталіцкаму ордэну езуітаў. Далей на працягу стагоддзяў тут была прыватная сядзіба, нацыяналізаваная пасля рэвалюцыі. Неўзабаве тут стварылі саўгас, які з часам кануў у Лету…

Будаўніцтва вялікага комплексу шматпавярховых жылых дамоў распачалося толькі ў пачатку новага тысячагоддзя. Мікрараён быў спраектаваны спецыялістамі Віцебскграмадзянпраекта. І адна з вуліц атрымала імя Караткевіча.

Эх, смаката!

Прамысловую сферу на вуліцы Караткевіча прадстаўляе камунальнае вы­творчае ўнітарнае прадпрыемства «Кандытарская фабрыка «Віцьба». Яго плошчы сталі аднымі з першых забудоў у раёне Білева. Ужо 30 гадоў на рынку вядомы гэты брэнд. Узвядзенне цэха сухіх сняданкаў пачалося яшчэ ў 1989 годзе. Сёння ж гэта адно з вядучых у краіне прадпрыемстваў па вырабе розных ласункаў. Прадукцыя неаднойчы была адзначана найвышэйшымі ўзнагародамі і станавілася пераможцам міжнародных конкурсаў. Прадпрыемства актыўна ўдзельнічала і ў святкаванні фестываля «Дажынкі-2020» у Віцебску.

Прыгажосць для мурак і не толькі

Нядаўна на вуліцы быў адчынены салон па доглядзе за жывёламі «Бетховен». Гэта стала добрай навіной для аматараў коцікаў і сабачак. Тут абяцаюць зрабіць вашаму гадаванцу мадэльную стрыжку, падрэзаць кіпцюры, памыць спецыяльным шампунем. Што ж, гэта, відаць, прыкмета нашага часу, калі жывёлы дзе-нідзе з'яўляюцца паўнавартаснымі членамі сям'і.

Таксама на перакрыжаванні з вуліцай Генерала Іваноўскага пабудавалі гандлёвы цэнтр «Капеечка». Ёсць тут і аддзяленне Беларусбанка. Але ўсё ж значна пераважаюць жылыя дамы.

Падарунак ад будаўнікоў

Сёлета тутэйшыя жыхары, як і ўсяго Білева, атрымалі цудоўны падарунак. Нарэшце была адкрыта новая дарога, якая злучыла мікрараён з вуліцай Петруся Броўкі. Амаль кіламетровы ўчастак мае тры паласы руху ў кожным напрамку. Гэта значна аблегчыла жыццё самага буйнога спальнага раёна абласнога цэнтра.

Чытайма Караткевіча!

Зразумела, я не змог не запытаць саміх жыхароў вуліцы пра асобу творцы і якія яго творы ім даспадобы.

Наталля Анюхова:

— Зразумела, гэтага вялікага чалавека ведаю, мабыць, яшчэ з дашкольнага ўзросту. Што тычыцца яго празаіч­ных і паэтычных твораў, то ёсць столькі таленавітых рэчаў, з якіх цяжка выбраць нешта асобнае. Але асабліва адзначу яго «Чорны замак Альшанскі» і «Дзікае паляванне караля Стаха». Падабаюцца і вершы, асабліва лірычныя: «Як цябе я на вуліцы стрэчу — падгінаюцца ногі мае». Вельмі ўсцешвае, што зараз па тэлебачанні робяцца застаўкі, дзе вядомыя і не вельмі асобы чытаюць урыўкі з твораў Караткевіча.

Арцём, першакласнік:

— Мне вельмі падабаецца назва вуліцы, на якой я жыву. Ведаю, што гэта быў добры і знакаміты чалавек.

Сяргей Іванавіч:

— Аповесці і раманы Караткевіча ведаю з дзяцінства. Шкада, што ў нашым віруючым жыцці не маю часу іх перачытваць. Вось выйду на пенсію — абавязкова вазьму поўны збор яго твораў (смяецца).

Галіна Іванаўна, пенсіянерка:

— Ведаю, што гэта вельмі знакаміты чалавек, але ўжо падводзіць памяць. Нагадайце мне, і я адразу згадаю. (Сапраўды, калі сказаў, хто гэта такі, жанчына адразу прыпомніла раман «Чорны замак Альшанскі». — Аўт.)

Фёдар, «трудзяга»:

— Прызнаюся, што даўней пра Караткевіча нічога не чуў: мы ж яго ў школе, здаецца, не вывучалі. Упершыню пра земляка даведаўся, калі ў Віцебску адкрылі помнік. Цяпер вось разам з сям'ёй дачкі жыву на вуліцы яго імя.

Кахайма!

А яшчэ ў гэты цудоўны сонечны дзень давялося, як ніколі, стрэць шмат закаханых пар. Сімвалічна, што на вуліцы знаходзіцца і крама «Кветкі» дзяржаўнага прадпрыемства «Віцебскі Зелянбуд». А на спартыўнай пляцоўцы побач з адным будынкам зрабілі прыгожы надпіс «У доме, дзе жыве каханне». І яно сапраўды ёсць на вуліцы імя творцы, які меў поўнае права сказаць: «Быў. Ёсць. Буду…».

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.