Больш за два кіламетры ў даўжыню мае вуліца Церашковай у Віцебску

logo
Четверг, 10.09.2020 08:14 | Рубрика: Год народного единства
01690
DSCF9024.jpg
Маладая магістраль 
Вуліца знаходзіцца ва ўсходняй частцы Віцебска і па мерках нашага старажытнага горада мае проста юнацкі ўзрост. Яшчэ на карце 1928 года ў яе раёне можна ўбачыць толькі вёскі Глухія і Шыркова ды хутар Тройчына. Сучасныя будынкі пачалі з'яўляцца тут недзе на мяжы 1960-х — 1970-х гадоў. Цікава, што першапачатковая назва, Прамысловая, праіснавала літаральна некалькі гадоў. Неўзабаве ў 1973-м у гонар першай касманаўткі і ганаровага грамадзяніна Віцебска вуліца стала насіць імя Нікалаевай-Церашковай. А пасля разводу зорнай пары назва скарацілася ўдвая на радасць работнікаў пашпартных сталоў ды іншых устаноў, якія пазбавіліся лішняй пісаніны. Сёння вуліца звязвае паміж сабой праспекты Фрунзе і Маскоўскі. Якраз на ёй у свой час заканчваліся пасажырскія аўтобусныя маршруты па гэтых магістралях.  

З чаго яна пачынаецца 
У доме пад парадкавым нумарам адзін, як памятаюць многія гара¬джане, асабліва дачнікі, раней была прыгарадная аўтастанцыя. З яе ад¬праўляліся аўтобусы па маршрутах у населеныя пункты Віцебскага і некаторых суседніх раёнаў. Потым усе аўтобусныя рэйсы сталі пачынацца ў адным месцы — аўтавакзале на вуліцы Касманаўтаў. Цяпер тут размешчаны «МакДональдс». Нагадаю, што Віцебск стаў першым абласным цэнтрам Беларусі, дзе адчыніўся рэстаран хуткага харчавання гэтай вядомай кампаніі. Дарэчы, побач знаходзіцца вельмі важны для гарадской інфраструктуры аб'ект — філіял «Аўтобусны парк № 1 г. Віцебска» ААТ «Віцебскаблаўтатранс». Ён на вуліцы Церашковай з канца 1960-х, а свой пачатак адлічвае яшчэ з лета 1930 года. Тады ў Віцебску было створана Першае аўтапрадпрыемства аўтакалоны «Саюзтранса». Пасля вайны пасажыраў перавозілі на грузавых аўтамабілях і адноўленых трафейных аўтобусах. Сёння аўтапарк — буйнейшае аўтатранспартнае прадпрыемства вобласці, якое здзяйсняе перавозкі пасажыраў. Літаральна на вачах яно папаўняецца (нядаўна за кошт бюджэтных сродкаў, выдаткаваных аблвыканкамам, набылі 8 новых МАЗаў), уводзяцца навінкі пры аплаце праезда для зручнасці грамадзян. 

Жыццё прамысловае 
У пачатку вуліцы знаходзіцца і адміністрацыйна-вытворчая база УП «Віцебскаблгаз» (ВУ «Віцебскгаз»): без блакітнага паліва зараз жа ніхто не абыходзіцца! Прадпрымства будуе газаправоды, газіфікуе аб'екты, выконвае тэхнічнае абслугоўванне абсталявання. На Церашковай месцяцца розныя структурныя падраздзяленні аблгаза, у тым ліку і крама «Метан-Газ-Маркет». З 1979 года на дапамогу гараджанам прыйшло аб'яднанне «Рэмбыттэхніка». Наўрад ці хто з чытачоў нашай газеты ва ўзросце не карыстаўся яго паслугамі. Зараз гэта ААТ «Вітрэмбыт», дзе робяць і рамантуюць ювелірныя вырабы, бытавую тэхніку, здзяйсняюць сэрвіснае абслугоўванне халадзільнікаў. Прыгожы мадэрнавы будынак кампаніі «Фортэкс — Водныя тэхналогіі» з'яўляецца сапраўдным упрыгожаннем вуліцы. Прадпрыемства выпускае прадукцыю для ачысткі сцёкавых вод, гальванічныя лініі, праводзіць праектныя работы і іншае.

Прафесіяналы заўсёды патрэбны 
І хто ж з гараджан не ведае Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-педагагічны каледж ВДТУ, які патанае ў зеляніне. Ён пераехаў у новы будынак, узведзены на пустыры ў 1976 годзе. Першыя дрэвы, якія сёння ўпрыгожваюць навакольную тэрыторыю, былі пасаджаны рукамі выкладчыкаў і навучэнцаў. Вялізны плюс для іншагародніх навучэнцаў — інтэрнат на 600 месцаў, дзе ёсць усё для камфортнай вучобы і адпачынку. Дырэктар установы адукацыі Святлана Лапухіна, якая сама ў свой час яе скончыла, вельмі задаволена, што склалася каманда прафесіяналаў-аднадумцаў. Тут рыхтуюць навучэнцаў па спецыяльнасцях «Камерцыйная дзейнасць», «Вытворчасць прадуктаў і арганізацыя грамадскага харчавання», «Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў», «Цырульнае мастацтва і дэкаратыўная касметыка». Традыцыйна высокі прахадны бал сведчыць пра тое, што праблем з наборам тут не ўзнікае. 

Студэнцкі спорт — на вышыні 
Не зарастае сцежка да спартыўнага комплексу Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Ён адзін з самых лепшых у абласным цэнтры. Тут ёсць басейн, малая і вялікая спартыўныя залы, «трэнажорка», саўна. Не дзіўна, што студэнты ВНУ рэгулярна перамагаюць і займаюць прызавыя месцы на спаборніцтвах як абласно¬- га, так і рэспубліканскага ўзроўняў. На вуліцы размешчаны і інтэрнат № 6 ВДУ імя П. М. Машэрава, дзе таксама сябруюць са спортам. 

Растуць здаровыя дзеткі
На вуліцы Церашковай — тры ўстановы дашкольнай адукацыі. Гэта яслі-сады №№ 35, 98 і 104. Ужо назвы груп кажуць пра тое, якія добрыя і чулыя людзі іх прыдумвалі: «Васількі» і «Гномікі», «Смяшарыкі» і «Сонейка». У некаторых з іх займаюцца дзеці з асаблівасцямі развіцця. Гэта накладвае вялікую адказнасць на педагогаў. Яны стараюцца стварыць адкрытыя мадэлі ўзаемаадносін з сем'ямі сваіх выхаванцаў. Напрыклад, у яслях-садзе № 35 створаны тэатр мініяцюр «Вітражы», у якім задзейнічаны як педагогі, так і бацькі з дзецьмі. 

Людзі ў белых халатах 
Знакавым аб'ектам вуліцы Церашковай з'яўляецца паліклініка № 1, пабудаваная ў 1977 годзе. Пакуль узвялі сучасны будынак на вуліцы Генерала Маргелава ў мікрараёне Поўдзень-7А, яна была цэнтральнай гарадской. Прыгадваецца камічны выпадак, які адбыўся з маёй знаёмай. Да яе пры¬ехала сяброўка з расійскай глубінкі, якая ніколі не чула беларускай мовы. Калі праязджала на тралейбусе каля медыцынскай установы, дыктар аб'явіў назву прыпынку: «Паліклініка нумар адзін». Наша ж расійская госця пачула свой варыянт: «Поликлиника: умер один». Яе ўразіла шчырасць нашых дактароў, якія паведамляюць пра лятальныя выпадкі. Вось рогату было, калі даведалася пра сапраўдны сэнс фразы… Жарты жартамі, але сёння паліклініка аказвае якасную медыцынскую дапамогу жыхарам Кастрычніцкага раёна, а таксама Тулаўскага і Варонаўскага сельсаветаў. Тут працуюць як участковыя тэрапеўты, так і ўрачы вузкай спецыялізацыі. 

Гандлёвая Мекка 
Багата на вуліцы ўстаноў гандлю. Напрыклад, гандлёвы цэнтр «Эвиком», хаця ён і мае афіцыйны адрас «пра¬спект Фрунзе. Калісьці гэта быў самы папулярны крыты віцебскі рынак, куды кожныя выхадныя сцякаліся тысячы гараджан. Цяпер жа канкурэнцыю складаюць кропкі гандлю ў іншых месцах горада. Ёсць рынак будаўнічых матэрыялаў, здалёк бачны будмаркет «Энергия». Калісьці гэта быў самы буйны начны клуб краіны. Тысячы гледачоў збіраліся тут на канцэрты айчынных і замежных выканаўцаў. 

Хто на тралейбусе, хто — на ровары
Побач з вуліцай Церашковай знаходзіцца тралейбусны парк. Электратранспарт грае важную ролю ў пасажырскіх перавозках. Праз магістраль пралягае ажно 8 маршрутаў, у тым ліку сучасных бесправадных тралейбусаў, якія курсіруюць у раён Білева. Запатрабаваныя і два аўтобусных маршруты. Радуе, што пасля капітальнага рамонту тратуараў тут з'явілася і веласіпедная дарожка. Так што пешаходы цяпер могуць спакойна хадзіць па вызначаным маршруце, не баючыся трапіць пад колы ровара. Колькі гадоў таму для паляпшэння транспартных зносін распрацавалі праект па злучэнні вуліц Церашковай і Лазо. Працы на аб'екце пакуль прыпынены да лепшых часоў. Так што Церашкова застаецца ў сваіх ранейшых межах.

Цотныя і няцотныя 
Вуліцу можна назваць жыллёва-прамысловай. Калі прамыслова-гандлёвая зона размешчана з няцотнага боку, дык жылыя будынкі — з цотнага. Гэта звычайныя тыпавыя дзевяціпавярховыя дамы. Радуюць вока зялёныя двары з дзіцячымі пляцоўкамі, дагледжаныя кветнікі ля пад'ездаў і малыя архітэктурныя формы ландшафтнага дызайну. Так што «Церахі», як мы клікалі гэты раён у дзяцінстве, не выпадаюць з абоймы іншых прыгожых мясцін нашага Віцебска.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.