«Беларусь 3» запрашае на Дзень беларускага пісьменства

logo
Среда, 26.08.2020 14:42 | Рубрика: Год народного единства
01760

6-га верасня ў горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласці пройдзе Дзень беларускага пісьменства, які штогод традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю восені.

Да свята «Беларусь 3» рыхтуецца загадзя – на працягу наступнага тыдня гледачоў чакае тэматычны паказ дакументальнага і мастацкага кіно, а ў дзень форума запланаваны трансляцыі цырымоній адкрыцця і закрыцця свята, сюжэты з месца падзей у «Навінах культуры» і спецыяльны «Культурны рэпартаж» пра адрэстаўраваны сакральны артэфакт бялыніцкай зямлі.

Ужо з 31-га жніўня і да самога свята кнігі эфір сацыякультурнага тэлеканала дапаможа настроіцца на пэўны святочны лад: можна будзе пачуць у міжпраграмных відэароліках любімыя вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова і іншых паэтаў у выкананні дзеячаў культуры, а таксама пазнаёміцца з невядомымі старонкамі літаратурнай спадчыны беларускіх пісьменнікаў Івана Навуменкі, Івана Шамякіна, Алеся Адамовіча і Янкі Сіпакова ў праекце «Запіскі на палях».

Акрамя таго, на наступным тыдні гледачы ўбачаць гістарычную драму Сяргея Шульгі «Талаш» паводле аповесці Якуба Коласа «Дрыгва» і сустрэнуцца ў «Суразмоўцах» з першай намесніцай старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аленай Стэльмах.

6-га верасня цэнтральнай эфірнай падзеяй на «Беларусь 3» стане паказ святочнага канцэрта Урачыстага адкрыцця Дня беларусскага пісьменства і цырымоніі ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў 18.45, а ўвечары а палове 23-й гадзіны тэлеканал пакажа гала-канцэрт Урачыстага закрыцця Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах.

Тэматычны эфір у гэты дзень «Беларусь 3» таксама прысвячае айчынным майстрам тэкстаў – і не толькі: у 08.20 і 13.30 будзе паказан новы выпуск спецпраекта «Культурны рэпартаж», прысвечаны фрэсцы XVIII стагоддзя «Узыходжанне на Галгофу» бялыніцкага кляштара кармелітаў. Працуючы над сюжэтам, каманда тэлеканала на працягу некалькіх месяцаў здымала розныя этапы рэстаўрацыі артэфакта і стварэння экспазіцыі мясцовага мастацкага музея.

Днём гледачы змогуць пранікнуцца адметнай літаратурнай творчасцю Кандрата Крапівы: у 13.30 будзе паказан фільм «Кандрат Крапіва: чалавек, які смяяўся...» з цыкла «Запіскі на палях», а адразу пасля – спектакль сталічнага Тэатра-студыі кінаакцёра «Хто смяецца апошнім» па аднайменнай сатырычнай п’есе.

Сярод фільмаў, якія прапануе «Беларусь 3» да прагляду на Дзень беларускага пісьменства, – народная камедыя Ігара Дабралюбава «Белыя росы» па сцэнары Аляксея Дударава ў 11.45 і 21.05, а таксама беларускамоўная версія гістарычнай драмы Юрыя Елхова «Анастасія Слуцкая» у 16.50.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by