Ганаровы меліяратар Беларусі, шчыры работнік і чалавек, пра якога напісана ў энцыклапедыі «Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь?», — гэта жыхарка Шуміліна юбіляр Феадосія Барадулькіна.
Шмат цёплых слоў з гэтай нагоды атрымала ветэран працы ад многіх людзей, раённай ветэранскай арганізацыі і ПМК-70.
У гэты дзень тэлефонныя званкі былі адзін за адным. Тэлефанавалі і сын з дачкой, і двое ўнукаў, і далёкія сваякі, і былыя калегі. Падчас нашай гутаркі з Феадосіяй Барысаўнай з Мінска пазваніў былы дырэктар Дэпартамента меліярацыі і воднай гаспадаркі Анатоль Булыга. Пасля слоў віншавання ён адзначыў, што Феадосія Барадулькіна пакарыла меліяратараў рэспублікі сваёй настойлівасцю і сілай волі.
…Шумілінская дзяўчына, яна закончыла нафтавы тэхнікум у Наваполацку, некаторы час працавала на «Нафтане» і вучылася ва ўніверсітэце марксізму-ленінізму. Праз некалькі гадоў разам з мужам пераехала на радзіму ў Шуміліна, дзе ўладкавалася спачатку майстрам на вінзавод, а потым інжынерам у міжраённае ўпраўленне арашальных сістэм, якое ў 1981 годзе далучылі да меліярацыйнага ПМК-25. На гэтым прадпрыемстве (спачатку ПМК-25, потым Шумілінскае ПМС) жанчына і адпрацавала трыццаць гадоў: спачатку інжынерам, а пасля — майстрам. Вядома, было цяжка, але яна добра разбіралася ў людзях, рэдка памылялася ў іх надзейнасці. Многія з тых, хто прыйшоў працаваць на прадпрыемства меліярацыйных сістэм часова, заставаліся тут назаўсёды.
Былыя калегі адзначаюць, што Феадосіі Барысаўне ўласцівыя строгасць і дакладнасць у рабоце. У яе заўсёды быў падлічаны і запісаны кожны метр канала, кожны гектар. Раніцу пачынала з таго, што падводзіла вынікі папярэдняга дня. Бывала, калі пачынаўся абкос каналаў, Феадосія Барысаўна сама садзілася ў трактар з касілкай і ехала першая, вядучая. Не любіла хібаў у рабоце, у яе характары — зрабіць усё добра, роўна, дакладна да міліметра. Напэўна, гэтая акалічнасць і вялікая працаздольнасць з'явіліся галоўнымі падставамі для ўзнагароджання Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
А яшчэ яна ўмела адстойваць сваю думку. У 1990-я гады, калі ў саўгасе «Лаўжанскі» павінен быў адбыцца рэспубліканскі семінар, меліяратарам далі заданне абкасіць поле зерневых. Феадосія Барысаўна агледзела ўчастак і сказала: «Тут жа пшанічка на радасць падступае да самой дарогі. Што хочаце рабіце, не буду псаваць!» На той час на полі знаходзіўся былы старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, які, пачуўшы такі адказ жанчыны, сказаў: «Калі б усе былі такімі гаспадарамі, як вы, то квітнела б наша Беларусь».
Феадосія Барадулькіна і сёння цікавіцца сусветнымі і рэспубліканскімі падзеямі, жыццём раёна, узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю ПМС, дапамагае людзям.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.