Як вядзецца нарыхтоўка кармоў першым укосам у Шумілінскім раёне

logo
Понедельник, 14.06.2021 11:41 | Рубрика: Экономика
02440

Майскія дажджы і рэзкае пацяпленне садзейнічалі добраму росту траў і наблізілі час яе ўборкі на корм жывёле. Першымі ў Шумілінскім раёне да нарыхтоўкі кармоў першым укосам прыступілі механізатары ААТ «АграБаравінка».

У гаспадарцы работы па касавіцы разгарнуліся ў комплексе.

– Ва ўрочышчы Мазекі на касілках КДН-2,6 працуюць нашы механізатары Ігар Бегуноў і Павел Антошкін, – расказала начальнік участка Аляксандра Міраненка. – Больш за тое, наша інжынерная служба з механізатарамі пайшлі на вынаходніцтва: пераабсталявалі зернеўборачны КЗС пад касьбу траў. Такой удасканаленай тэхнікай кіруе Мікалай Талдыкін, які за дзень скошвае да 16 гектараў траў. На КЗР-10 рупіцца Павел Баршынаў, зялёную масу да сянажных траншэй адвозім на чатырох МТЗ. Нядаўна з Віцебскага мясакамбіната, да інтэграцыйнай структуры якога адносіцца наша гаспадарка, прыехаў на дапамогу кормаатрад. Віцебскія механізатары працуюць на падборшчыку «Ягуар», на чатырох трактарах на адвозцы і на МТЗ з граблямі. Так што тэхнікі для касавіцы хапае.

На полі за вёскай Саладухі мы засталі дырэктара ААТ «АграБаравінка» Паўла Шакуна і яго намесніка па вытворчасці Мікалая Рыбікава. Кіраўніцтва аглядала палеткі, якасць работы, вышыню зрэзу траў. Работай мясцовых механізатараў засталіся задаволенымі.

– Вячаслаў Дубінін, які працуе на трактары з касілкай, і Сяргей Гоманаў на падборшчыку КВК – у сельскай гаспадарцы не навічкі, з такімі рупліўцамі і працаваць лёгка, – кажа Павел Анатольевіч. – Адзначу, што ўсе механізатары перавыконваюць план. Напрыклад, Вячаслаў Дубінін скошвае да 18 гектараў за дзень, а Сяргей Гоманаў падбірае з валкоў і здрабняе да 180 тон травы. Асаблівасць сёлетняй касавіцы – работа талакой. Мы вырашылі справіцца з першым укосам як мага хутчэй, таму і запрасілі на дапамогу віцебскі кормаатрад.

Такая паспешлівасць апраўдана, сцвярджаюць аграномы, бо ў сенажы, нарыхтаваным з травы ранняй фазы, менш клятчаткі, а больш патрэбнага жывёле пратэіну – такія кармы выйграюць за кошт спажыўнасці.

Касавіца ў гаспадарцы ідзе планамерна, за дзень скошваюць больш за 60 гектараў травы. Асабліва ўраджайныя тыя палеткі, дзе падсеяны канюшына і купкоўка. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталья ЧЕРНИЧЕНКО.