Віцебшчына распачала жніво. Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў удзельнічаў у абрадзе зажынак

logo
Понедельник, 27.07.2020 15:27 | Рубрика: Экономика
03028
Перад тым, як даць старт уборачнай кампаніі на Віцебшчыне, старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў правёў у Аршанскім райвыканкаме нараду з кіраўнікамі раёнаў, Віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты», аграпрамысловых аб'яднанняў. Размова ішла пра галоўны экзамен для аграрыяў — жніво. Уздымаліся таксама пытанні вядзення сельскагаспадарчых работ па нарыхтоўцы зялёных кармоў, сяўбе азімых культур.


Кіраўнік вобласці падкрэсліў: хлеб — гэта аснова жыцця. Зараз неабходна максімальна прыкласці ўсе намаганні, каб убраць з палёў без страт ураджай, а ён, дарэчы, у гэтым го­дзе вельмі добры. На Віцебшчыне неабходна ўбраць 391 тысячу гектараў зерневых і зернебабовых культур, што на 9 працэнтаў больш, чым у 2019 годзе. Да масавай уборкі паўночны рэгіён плануе прыступіць у пачатку жніўня. У жніве будзе задзейнічана каля 1350 камбайнаў.


— Ад таго, як папрацуем падчас уборкі ўраджаю, залежыць поспех усіх калектываў як у гэтым, так і ў наступным годзе, — адзначыў Мікалай Шарснёў. — Мы павінны закласці трывалую аснову на будучыню. І стаўку трэба рабіць на азімыя культуры. У структуры зерневых яны павінны складаць не менш за 70 працэнтаў.


Тое, што ўборка ўраджаю — вельмі адказны перыяд, падкрэсліў і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, які таксама прыняў удзел у нарадзе. Бездакорнае выкананне ўсіх тэхналагічных працэсаў, надзейная тэхніка, бадзёры настрой на плённую працу — галоўныя складальнікі поспеху на жніўных палетках. Анатоль Канстанцінавіч таксама засяродзіў увагу і на такіх важных пытаннях, як уборка саломы, севазварот, назапашванне мінеральных угнаенняў.


— Мы павінны планаваць аб'ём работы ўжо на наступны год з улікам дапушчаных памылак, — за­значыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, — ставіць перад сабой больш высокую планку. Наша задача — атрымаць не менш за 1,5 мільёна тон зерня. Калі з кожнага гектара мы будзем «вы­ціскаць» максімум, то і аб'ёмы зерня, малака, мяса адпаведна будуць зусім іншыя.


Пасля нарады на полі сельскагаспадарчага прадпрыемства «Задняпроўскі» з уздзелам Мікалая Шарснёва і Анатоля Ліневіча адбылося народнае абрадавае свята Зажынкі. І невыпадкова яно прайшло на аршанскай зямлі, бо рэгіён не першы год з'яўляецца лідарам па намалоце зерня. Дарэчы, арганізатарамі свята выступілі аблвыканкам, Аршанскі райвыканкам, абласная арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК.


Сёння некаторым цяжка ўявіць, як раней пачыналася жніво. Старэйшае пакаленне расказвала, што ў гэтым працэсе ўдзельнічалі ўсе жыхары вёсак. Жанчыны-жнеі выходзілі ў поле з сярпамі, мужчыны бралі ў рукі косы. Гэты абрад і паказалі падчас абласнога свята. Агульны першы сноп з зерня новага ўраджаю з рук жнеек прыняў Мікалай Шарснёў. Пасля таго як Мікалай Мікалаевіч, Анатоль Канстанцінавіч і старшыні райвыканкамаў прайшліся праз сімвалічныя снапковыя вароты, усе атрымалі косы. Работа пайшла шпарка. Папрацаваўшы ў полі, касцы паспыталі халоднага квасу і атрымалі льняныя мяшэчкі з зернем, каб ураджай хлеба ў кожным раёне быў багатым. Атрымаўшы блаславенне на добрую працу, стартавалі камбайны. Яны, нібы вялізныя караблі на моры, паплылі па жніўным полі…

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Настасся ТУРОК. Фота БЕЛТА i аўтара.