Напярэдадні жніва парк зернеўборачных камбайнаў УСП «Дружбінец» папоўніўся новай машынай

logo
Понедельник, 27.07.2020 13:59 | Рубрика: Экономика
02112

Напярэдадні жніва парк зернеўборачных камбайнаў УСП “Дружбінец” папоўніўся. Інвестар ААТ “Гомельтранснафта Дружба” набыў для сельгаспрадпрыемства КЗС-2-1218 “Палессе”.

Новую машыну перадалі аднаму з самых вопытных механізатараў Ігару Рукалю. Сёлетняе жніво для яго пятнаццатае па ліку. Побач са старшым камбайнерам - камбайнер Уладзіслаў Рукаль. Хлопец - не навічок у хлебаробскай справе. Ён заканчвае факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі БСГА, на вытворчую пераддыпломную практыку прыехаў на радзіму. А да гэтага была вучоба ў Гарадоцкім сельскагаспадарчым каледжы. Але самыя першыя навыкі работы на тэхніцы Уладзіслаў атрымаў яшчэ школьнікам дзякуючы бацьку.

- Без трох месяцаў інжынер,- кажа з гордасцю пра сына Ігар Мікалаевіч. І дадае: - Так што ў нас поўная ўзаемазамяняльнасць.

На высокапрадукцыйную эксплуатацыю зернеўборачнай машыны, якая зараз працуе на рапсавых палетках, дарэчы, даволі ўраджайных (намалот з кожнага гектара складае звыш 20 цэнтнераў) разлічвае і Алена Мялешка, дырэктар УСП “Дружбінец”.

- У гаспадарцы цэняць Рукаляў, іх стаўленне да працы, таму і перадалі ім для эксплуатацыі новы камбайн,- кажа кіраўнік.

Механізатары добра ведаюць патэнцыяльныя магчымасці камбайна, разумеюць, якога выніку можна дасягнуць.

- КЗС-1218 “Палессе” на ААТ “Гомсельмаш” выпускаюць у двух мадыфікацыях. Наш камбайн поўнапрывадны, а таму мае павышаную праходнасць, што дазваляе весці ўборачныя работы на ім нават пасля зацяжной непагадзі,- каменціруе тэхнічныя параметры малодшы з Рукаляў. Высокую ацэнку машыне дае і Ігар Мікалаевіч:

- Мне даводзілася працаваць на розных камбайнах, у тым ліку на MEGA. Па прадукцыйнасці гэты наш камбайн “немцу” фактычна не саступае.

Уборка азімага рапсу, якім у “Дружбінцы” было занята 260 гектараў, завяршылася. Але адпачываць камбайнерам не давялося. На парадку дня -- ўборка насеннікаў злакавых траў, азімых зерневых.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Аляксандр ЯЎГЕНАЎ, Сянно.