1600 тон сена і 25 000 тон сенажу плануюць нарыхтаваць у гаспадарцы «Межава-Агра» Аршанскага раёнa

logo
Понедельник, 08.06.2020 15:21 | Рубрика: Экономика
02915

У гаспадарцы «Межава-Агра» аднымі з першых у Аршанскім раёне пачалі касавіцу. Тут плануюць нарыхтаваць 1600 тон сена і 25000 тон сенажу з плошчы амаль у 800 гектараў.

Работы па корманарыхтоўцы траў першага ўкосу развярнуліся аператыўна. Па словах галоўнага агранома «Межава-Агра» Дзмітрыя Крукоўскага, задзейнічаны пяць касілак, дзве адзінкі — на валкаванні і столькі ж — на падборцы і здрабненні зялёнай масы, тры — на трамбоўцы. Усе сянажныя траншэі загадзя падрыхтаваныя да закладкі кармоў.

— Першы ўкос — самы галоўны ва ўсім працэсе корманарыхтоўкі, — гаворыць Дзмітрый Станіслававіч. — Усе элементы павінны быць паслядоўнымі. Толькі так можна атрымаць якасны корм. Безумоўна, хочацца, каб і надвор'е нам спрыяла: яскрава свяціла сонца і не было дажджоў.

Сямейны экіпаж механізатараў — бацька з сынам Максім і Дзмі­т­рый Багадзевічы — не сумняваецца, што корманарыхтоўка траў першага ўкосу будзе паспяховай.

Для гэтага Максім Максімавіч як вопытны аграрый, за плячыма якога больш за 35 гадоў працоўнага стажу ў сельскай гаспадарцы, са свайго боку зробіць усё магчымае.

— Тэхніка новая, жаданне і адказнасць ёсць. За паўтара-два тыдні павінны ўправіцца, — перакананы Максім Багадзевіч і дадае з усмешкай: — Тым больш, побач са мной надзейная падтрымка — сын. У яго руках справа гарыць. Ад мяне не адстае і нават ужо абганяе бацьку. Што і казаць, моладзі зараз трэба даваць зялёнае святло.

Дарэчы, Дзмітрый Багадзевіч ужо трэці год запар самастойна працуе на жніве. Так, у мінулым годзе ў раёне быў лепшым сярод маладых камбайнераў. Бацька —перадавік са стажам. Заўсёды трымае высокую планку ў рабоце і з'яўляецца прыкладам для іншых. Яго паважаюць за адданасць прафесіі, за высокую адказнасць і вопыт. У працоўнай кніжцы Максіма Багадзевіча ўсяго адзін запіс. А гэта — пацверджанне таго, што ён з любоўю і павагай адносіцца да зямлі, на якой і працуе ўсё жыццё.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Настасся ТУРОК. Фота аўтара.