Больш за 900 гектараў адведзена пад пасеў проса ў Шумілінскім раёне

logo
Среда, 03.06.2020 15:02 | Рубрика: Экономика
03106

У гаспадарках Шуміліншчыны сёлета проса сеюць практычна на кожным сельгаспрадпрыемстве. Пад гэту культуру адведзена больш за 900 гектараў палеткаў, расказаў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Раман Прасветаў.

СФГ «Раднік», якая спецыялізуецца на вырошчванні насення многіх злакавых культур, летась атрымала добры ўраджай проса гатунку «галінка». Насенне набылі многія гаспадаркі.

— Больш за 20 тон разышлося толькі па раёне, — расказаў кіраўнік «Радніка» Юрый Сямёнаў. — У нашай гаспадарцы пад проса адведзена больш за сто гектараў.

— А чаму на Шуміліншчыне ўзяліся за сяўбу проса?

— Сакрэт просты: паколькі ў гэтай культуры кароткі вегетацыйны перыяд, сеяць можна да сярэдзіны чэрвеня. А ў гэты час няма такога прыпару на палетках, як пры сяўбе зерневых. Значыць, можна працаваць, абы было насенне. Проса лёгка пераносіць недахоп вільгаці, яно багатае на цукар, мікраэлементы, якія патрэбны жывёле. Проса сеюць як для зялёнай масы (яе потым выкарыстоўваюць на сянаж), так і для зерня.

— Убіраць культуру будзем у стадыі малочна-васкавой спеласці, пасля чаго закладваць у траншэі — зімой корм не будзе лішнім. Мы пасеялі 20 гектараў проса, мяркуем яшчэ засеяць 40 гектараў, — расказаў дырэктар ААТ «Прыазёрны мір» Юрый Савіцкі. — Сяўбу даверылі Мікалаю Жыгунову, які завочна вучыцца ў БДСГА і працуе галоўным інжынерам. Ён з задавальненнем вясной садзіцца за руль трактара і дапамагае механізатарам.

Дарэчы, Мікалай у гэтым годзе з'яўляецца пераможцам раённых спаборніцтва па сяўбе яравых зерневых і зернебабовых, на яго рахунку1052 гектараў палеткаў.

Як сцвярджаюць аграномы, па сваіх харчовых якасцях проса не ўступае кукурузе. Таму зялёную масу можна выкарыстоўваць пры закладцы сенажу і сіласу. А ў некаторых гаспадарках раёна («Мішневічы», «Ульскі», «Лаўжанскі») проса мяркуюць змалаціць, а атрыманае зерне пойдзе на камбікорм і муку ўласнай вытворчасці.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ларыса ЗАЙЦАВА. Фота Мікалая ЖЫГУНОВА.