Аграрый Аляксей Пенкiн: працаваць прыходзiцца кожны дзень

logo
Суббота, 14.12.2019 15:50 | Рубрика: Экономика
02895

Аказаўшыся ў лістападзе ў аграгарадку Слабада Шумілінскага раёна, на полі ля возера заўважылі з дзясятак кароў. Падумалі, што гэта прыватны гурт вяскоўцаў.

— Прыватны, але аднаго гаспадара, — удакладніла старшыня мясцовага сельвыканкама Аксана Шынкевіч. — У Слабадзе ў нас толькі Аляксей Пенкін рызыкнуў завесцi такую вялікую гаспадарку.

Рызыкнуў — і ў яго атрымалася. Прызнацца, былі здзіўлены, што сам Аляксей вырас ў Наваполацку, а не ў вёсцы. Тым не менш усе канікулы і выхадныя хлопец праводзіў у Слабадзе ў бабулі, тут сустрэў і сваё каханне. Будучая жонка Дзіна тады закончыла Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны і па размеркаванні трапіла ў КУСГП «Сіроцінскі».

Зараз Дзіна працуе ветурачом у райветстанцыі, а яе муж ­вядзе вялікую падсобную гаспадарку. Пытаюся, як жа Аляксей, які мае чацвёрты разрад цесляра, закончыў лясны каледж, адважыўся ­трымаць столькі жывёлы? Мужчына ўсміхаецца, паціскае плячыма, а потым кажа: «Напэўна, перамаглі вясковыя карані. Калісьці мой прадзед Сафон Сянькоў працаваў у Слабадзе старшынёй калгаса, а дзядуля Аляксей Сянькоў быў тут брыгадзірам. Адным словам, мае сваякі выраслі на зямлі, любілі яе і ўсё жыццё трымалі гаспадарку. Вось вырашыў і я паспрабаваць. Маім натхняльнікам, дарадцам і памочнікам з’яўляецца жонка. Яна любіць жывёлу, свое­часова яе лечыць, робіць прафілактычныя прышчэпкі. Самы вялікі прыпар у нас летам: просім трактар з касілкай у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, сушыць і ­вазіць сена дапамагаюць сябры».

Гадоў пяць таму на падворку Пенкіных з’явілася Малышка, потым у мясцовай гаспадарцы ўзялі Незабудку. Кароўка была кволая, работнікі фермы не верылі, што выжыве. Але Дзіна выхадзіла яе, Незабудка ажыла і нават стала радаваць надоямі. Зараз на падворку Пенкіных пяць кароў, чатыры пакрытыя цёлкі і бык. І гэта не толькі звыклая для Шуміліншчыны чорна­пя­рэстая парода. Пенкіны вывучалі розныя малочныя пароды, аб’ездзілі не толькі вобласць, але і пабывалі за яе межамі, каб знайсці патрэбную карову. «У нас ёсць карова яраслаўскай пароды — ад яе малако салодкае і тлус­тае, падыходзіць для смятаны, — расказвае Аляксей. — А яшчэ ёсць карова джэрсійскай пароды, таксама вельмі малочная. Клапоцімся і пра ўзнаўленне статка: не так даўно набылі быка джэрсійскай пароды».

Тым не менш выгоды ад гаспадаркі ёсць, лічаць Пенкіны. Усе малочныя прадукты свае, дамашнія. Частка ідзе на продаж, можна прадаваць і маладняк. Лішняя капейка для мнагадзетнай сям’і (Пенкіны выхоўваюць траіх дзяцей) ніколі не перашкодзіць.

На нашу размову з хаты выйшла Ніна Аляксееўна, маці Аляксея. Яна прыехала з Наваполацка, каб дапамагчы сыну з нявесткай. ­«Трымаць гаспадарку — гэта цяжкая праца, — сказала жанчына. — Але калі сын прыняў такое рашэнне, значыць, асіліць, зможа, справіцца. А мы, сваякі, дапамагаем, як можам».

Каб развесці такі багаты статак, Аляксею загадзя прыйшлося нямала пастарацца: узяць крэдыт у банку, каб зрабіць прыбудову да хлеўчука, купіць электрапастух, даільны апарат, мотаблок. Увогуле працаваць прыходзіцца кожны дзень і многа.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ларыса ЗАЙЦАВА. Фота аўтара.