Адкрыты рух па мосце праз раку Ушача ў цэнтры гарадскога пасёлка Ушачы

logo
Понедельник, 30.11.2020 11:35 | Рубрика: Экономика
04384

Сімвалічную чырвоную стужку 27 лістапада перарэзалі Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Аўдошка і дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Спецмастбуд” Юрый Голубеў.

Мост з’яўляецца транзітным на рэспубліканскіх трасах, якія звязваюць не толькі населеныя пункты вобласці, але і вядуць за мяжу. Асаблівае ж гаспадарчае і бытавое значэнне мост мае для тых мясцовых жыхароў, якія жывуць на процілеглым ад цэнтра беразе і карыстаюцца збудаваннем штодня. Будаўнікі ўклаліся ў абяцаныя тэрміны. Улічваючы важнасць аб’екта, яны працавалі вахтавым метадам без выхадных і бліскуча справіліся з пастаўленай задачай, пры нарматыўных дзевяці месяцах будаўніцтва адкрылі мост праз шэсць. Сціслы для будаўнікоў тэрмін выканання работ многім ушачанам падаўся вельмі доўгім, таму мноства людзей прыйшло на адкрыццё моста. На 50 год разлічана яго эксплуатацыя. Хаця дырэктар Ушацкага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва А. Лосеў перакананы, што ён праслужыць даўжэй за гэты тэрмін.

– Спачуваю тым будаўнікам, якім праз дзесяцігоддзі давядзецца дэманціраваць маналітнае пакрыццё моста. Там столькі ўварана арматуры, што вельмі няпроста гэта будзе зрабіць, – усміхаецца Аляксандр Сяргеевіч, – Спачатку на глыбіню 14 метраў устанаўлівалі бетонныя слупы дыяметрам 80 сантыметраў, у якія потым залівалі бетон. Гэтая складаная аперацыя не абышлася без эксцэсаў: аднойчы бур праваліўся, натрапіўшы на вялікі валун…
Мост мае даўжыню 43,7 метра, шырыня праезнай часткі – 9, з двух бакоў – паўтараметровыя тратуары. Асвятляецца ён новымі святлодыёднымі ліхтарамі, якія вісяць на чатырох мачтах. У альфа-блоках, што адбіваюць пешаходную частку ад праезнай, непасрэдна ў ёй пакінуты адтуліны для сцёку вады. З двух бакоў выпілены “шчыліны”, залітыя спецыяльнай мастыкай, пакінуты яны таксама ў стыках поручняў для перадухілення ўтварэння расколін ад перападаў тэмператур. 

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімі Цярэнцьеў, які раздзяліў з ушачанамі радасць падзеі, адзначыў, што нямногія населеныя пункты Віцебшчыны ў адрозненні ад Ушачаў могуць пахваліцца столькімі новымі сацыяльнымі аб’ектамі. Уладзімір Уладзіміравіч падзякаваў людзям за цярплівасць, спецыялістам “Спецмастбуда” – за аператыўнасць, прафесіяналізм і пажадаў, каб мост перш за ўсё быў безаварыйным, а Ушаччына развівалася далей, і ў ёй заставалася моладзь. 

Урачыстасць была аздоблена музычнымі нумарамі, падрыхтаванымі работнікамі школы мастацтваў і раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, яркасць падзеі надаў удзел групы барабаншчыц раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Дарэчы, хоць праезд праз раку і адкрыты, аб’ект у эксплуатацыю яшчэ не здадзены. Засталося нямала работ пад мостам, якія будаўнікі будуць завяршаць з дадатковымі для сябе нязручнасцямі, аднак з выгодамі для ўшачан і іншых аўтамабілістаў. Усяго на рэканструкцыю аб’екта выдзелена 1200 тысяч рублёў, 930 з якіх ужо асвоена.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вольга КАРАЛЕНКА, Ушачы.