На сустрэчу з пачынаючымі спартсменамі Сенненшчыны прыехала алімпійская чэмпіёнка Пхеньчхана Ірына Крыўко

Понедельник, 11.11.2019 14:47 | Рубрика: Спорт
0666

Трасаўкладчык, снегаход, грошы на спартыўны інвентар для аддзялення біятлона Сенненскай ДЮСШАР – такія падарункі паднесла Міністэрства спорту і турызму, Беларуская Федэрацыя біятлона, клуб біятлона пачынаючым спартсменам Сенненшчыны. На сустрэчу з землякамі, якая прайшла ў РЦКіНТ, прыехала алімпійская чэмпіёнка Пхеньчхана ў эстафетнай гонцы, лідар сёлетняй беларускай нацыянальнай каманды біятланістак Ірына Крыўко.

Матэрыяльна-тэхнічная база для заняткаў спортам Сенненскай спартыўнай школы за апошнія гады прыкметна ўмацавалася. За бюджэтныя грошы, з дапамогай мясцовых улад і Федэрацыі біятлона, прадпрыемстваў, арганізацый пабудаваны стралковы цір, база біятлона, іншыя спартыўныя аб’екты, якія служаць не толькі выхаванцам спартыўнай школы. Яны выкарыстоўваюцца аматарамі здаровага ладу жыцця. Парк 40-годдзя Перамогі, дзе праходзяць трэніроўкі, спаборніцтвы юных спартсменаў, дзякуючы працы многіх сенненцаў, стаў тым месцам, куды прыходзяць адпачыць усёй сям’ёй. Біятлон – гэта візітная картка, брэнд раёна.

– Вам не давядзецца таптаць лыжную трасу, як рабілі гэта мы, мёрзнуць пасля трэніроўкі. У вас выдатныя ўмовы для заняткаў любімым спортам, – казала Ірына Крыўко, звяртаючыся да юных біятланістаў, якіх было шмат у перапоўненай зале.

Сенненшчына заўжды была багата на спартыўныя таленты. Яшчэ ў далёкім 1968 годзе на летняй Алімпіяде, якая праходзіла ў Мехіка, перамогу святкаваў Віктар Куранцоў, ураджэнец вескі Тухінка Сенненскага раёна. Устаноўлены ім рэкорд трымаўся 10 гадоў. Праз паўстагоддзе алімпійскае золата заваявала Ірына Крыўко.

А тым часам на сцэну запрасілі яшчэ адну біятлонную зорку, якую запаліла некалі Сенненшчына. Пятра Івашку, трохразовага чэмпіёна свету ў эстафетнай гонцы, у камандзе называлі “шчаслівым талісманам”. Але не толькі ўдача прыносіць перамогі. У аснове спартыўных дасягненняў цяжкая праца, настойлівасць, лічыць ён.

У гонар Пятра Івашкі штогод праходзіць адкрытае першынство Сенненскай ДЮСШАР па летнім біятлоне. У ліку яго пераможцаў некалі былі Ірына і Віктар Крыўко, Ілья Аўсеенка, Аляксандр Кнацько, Павел Пазняк, іншыя выхаванцы школы, якія перамагалі, станавіліся чэмпіёнамі краіны, паказвалі высокія вынікі на Еўрапейскіх і Сусветных стартах.

Сустрэча са знакамітымі біятланістамі, а ў іх ліку былі і Дзінара Алімбекава, Алена Зубрылава, атрымалася вельмі цёплай, дзякуючы ўспамінам пра трэнераў, якія некалі развівалі на Сенненшчыне лыжны спорт і біятлон, дасягненні. Першым трэнерам Ірыны Крыўко і многіх іншых сенненскіх біятланістаў, якія ўваходзілі ці ўваходзяць у склад розных зборных Рэспублікі Беларусь, быў Валерый Лектараў. Ён працягвае працаваць у спартыўнай школе, падтрымлівае кантакты са сваімі вучнямі. У час наведвання малой радзімы Ірына Крыўко таксама абавязкова кантактуе з ім. А вось сустрэча са сваёй першай школьнай настаўніцай Галінай Луцыковіч, ды яшчэ на сцэне раённай установы культуры, у прысутнасці шматлікіх землякоў, стала для біятланісткі сюрпрызам. Знайшлі чым здзівіць і Пятра Івашку, прадэманстраваўшы запіс яго інтэрв’ю, якое спартсмен даў у роднай СШ № 1 г. Сянно адразу пасля перамогі на чымпіянаце Свету.

Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства Ірыну Крыўко і іншых біятланістаў, што прыехалі ў Сянно, у фае чакалі іх паклоннікі. Аўтографы, фота напамяць, сэлфі – біятланісты нікому не адмаўлялі ў гэтым.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Аляксандр ІЎЕЎ. Фота Аляксандра ЛАЗЮКА.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений