Яблычны Спас шырока адсвяткавалi на Вiцебшчыне

logo
Четверг, 24.08.2017 17:34 | Рубрика: Общество
01973
З самага ранку 19 жніўня ў вёску Алашкі Шаркаўшчынскага раёна пачалі прыяз­джаць госці і ўдзельнікі чарговага, дзевятнаццатага па ліку, фестывалю «Яблычны Спас». Свята пашырыла свае межы, удзел у ім прынялі не толькі шаркаўчане, але і госці з Віцебшчыны і бліжняга замежжа.
Сёлета на гасцінную алашкаўскую зямлю завіталі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, яго намеснік Васілій Чэрнік, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Дар’я Мацкевіч, генеральны консул генеральнага консульства Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвіі Уладзімір Клімаў, консул Латвіі ў Віцебску Угіс Скуя, старшыня Даўгаўпілскай краёвай думы Яніна Ялінска, старшыня Екабпілскай краёвай думы Айварс Ванакс (Латвія), прадстаўнікі кіраўніцтва латвійскіх гарадоў Айскраўкле, Зілупэ, а таксама Пскоўскага раёна (Расія).
Перад пачаткам асноўнай часткі мерапрыемства кіраўніцтва Шаркаўшчынскага, Полацкага, Міёрскага і Ушацкага раёнаў падпісалі пагадненне аб уступленнi ў клуб «Мэры за эканамічны рост».
Пасля святочных фанфараў на галоўнай пляцоўцы распачалося само свята.
— Склалася добрая і слаўная традыцыя кожны год на малой радзіме слыннага беларускага садавода-селекцыянера Івана Паўлавіча Сікоры праводзіць фестываль «Яблычны Спас», — з такімі словамі да прысутных звярнуўся кіраўнік Шаркаўшчынскага раёна Дзмітрый Ламака. — Безумоўна, фэст у Алашках садзейнічае адраджэнню, захаванню і развіццю традыцый нашых продкаў.
Міністр культуры Барыс Святлоў адзначыў, што «Яблычны Спас» адначасова з’яўляецца брэндам Шаркаўшчынскага раёна і святам народнай мастацкай творчасці, бо лепшыя аматарскія калектывы Віцебшчыны і краін бліжняга замежжа паказ­ваюць тут свой нацыянальны каларыт і непаўторны густ.
У народзе здаўна кажуць, што яблыкі, як і іншую садавіну новага ўраджаю, можна паспытаць толькі тады, калі яны будуць асвечаны. Па праваслаўных канонах на галоўнай сцэне словы малітвы прачыталі дабрачынны цэркваў Шаркаўшчынскай акругі, протаіерэi Пётр Бараноўскі і Віктар Валашчук.
Мерапрыемства праходзіла на шматлікіх пляцоўках. Адкрыў свята раённы этап рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла». Працавала літаратурная гасцёўня. Дарэчы, міністр культуры і кіраўнік Шаркаўшчынскага раёна паспрабавалі сябе ў ролі мастакоў. Яны разам з дзецьмі — вучнямі мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў — на палатне малявалі мясцовыя краявіды. Свята атрымалася!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Сяргей РАЙЧОНАК. Фота аўтара.