Витьбичи пульс событий

Фестиваль белорусского слова четвертый год подряд принимает Витебский госуниверситет им.П.М.Машерова

Понедельник, 04.12.2017 17:45 | Рубрика: Новости ВГУ
0631

Ён ладзіцца чацвёрты год запар. У гэты раз у рамках фестывалю праводзіцца і тыдзень кафедры беларускага мовазнаўства, якая рыхтуе будучых настаўнікаў і супрацоўнікаў СМІ. На шостым паверсе ўніверсітэта ў першы дзень працавала выстава навуковых прац вы­кладчыкаў кафедры, а ў актавай зале прайшло адкрыццё фестывалю.

С.Нікалаенка разам са студэнтамі філалагічнага і педагагічнага факультэтаў.

Духоўнай каштоўнасцю кожнага народа, як вядома, з’яўляецца яго родная мова. Беларуская мова — гэта скарбніца этнічнай культуры беларусаў. Прыгожая і мілагучная, яна заўсёды была прадметам гонару нашага народа. Трапна напісаў беларускі паэт Алесь Разанаў: «Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор — мова».

Дэкан філалагічнага факультэта, доктар педагагічных навук, прафесар Сяргей Нікалаенка адзначыў, што ўвесь год на факультэце праводзіўся шэраг мера­прыемстваў да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя з дня нара­джэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Чацвёрты дзень фестывалю будзе прысвечаны гэтым славутым творцам.

— Кожны год праграма адрозніваецца, робім штосьці новае. Безумоўна, традыцыйна праходзяць сустрэчы з вядомымі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры краіны, — расказаў Сяргей Уладзіміравіч. — У гэтым годзе ўпершыню будзе арганізавана паэтычная пляцоўка, дзе выступяць нашы студэнты, якія пішуць вершы, а таксама выкладчыкі, члены творчых саюзаў. Факультэт і кафедра беларускага мовазнаўства — гэта астраўкі, якія павінны не толькі вучыць роднай мове, але і рабіць усё, каб яна часцей гучала, а людзі ведалі пра знакамітых беларусаў, якія ўносілі і ўносяць уклад у яе развіццё.

Кафедра існуе з 1992 года, на ёй працуюць 10 выкладчыкаў. Зараз беларускую філалогію вывучаюць 70 студэнтаў на дзённай форме навучання і 45 завочна. Кафедра асноўнай мэтай ставіць усямернае пашырэнне беларускай мовы ў рэгіёне і падрыхтоўку кадраў для навучальных уста­ноў вобласці.

— Нашы супрацоўнікі вядуць не толькі вучэбна-метадычную, але і навукова-даследчую дзейнасць, вывучаючы рэгія­нальную мову Віцебшчыны, лексіку, свое­асаблівасць пераходных гаворак нашай вобласці, — падкрэсліў кандыдат філала­гічных навук загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Генадзь Арцямёнак. — Таксама мы працуем над даведнікам «Рэспубліка Беларусь: лінгвакраіназнаўчы слоўнік». Гэта тэма ўключана ў дзяржаўную праграму навуковых даследаванняў і фінансуецца Міністэрствам адукацыі. Штогод выдаюцца падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, метадычныя рэкамендацыі. Карацей, мы стараемся рабіць усё, каб спецыяльнасць «Беларуская філалогія» жыла і развівалася.

На працягу пяці дзён пройдуць разна­стайныя мерапрыемствы з удзелам літаратараў, мовазнаўцаў, беларускамоўных бардаў і моладзі. У рамках фестывалю на малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца майстар-клас мастацкага кіраўніка тэатра Міхася Краснабаева і доктара мастацтвазнаўства Таццяны Катовіч.

Фестываль фінішыруе 8 снежня.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота Алега КЛІМОВІЧА.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений