Ушачанін Максім Новікаў – штурман аднаго з беларускіх экіпажаў на ралі «Дакар»

logo
Понедельник, 04.01.2021 11:27 | Рубрика: Спорт
02096

Нават зусім далёкія ад аўтаспорту людзі, пачуўшы слова “Дакар”, прыгадаюць, што гэта назва самага знакамітага ралі. Штогод на працягу двух студзеньскіх тыдняў увесь свет з захапленнем сочыць за непрадказальным марафонам, на старт якога выходзяць легкавыя аўтамабілі, матацыклы і грузавікі. Сёлета марафон праходзіць з 3 па 15 студзеня.

Да спаборніцтваў грузавікоў у беларусаў найбольшая цікаўнасць, бо сярод фаварытаў пелетона – завадская каманда “МАЗ-СПОРТаўта”. Ушачане маюць асаблівую нагоду хварэць за суайчыннікаў, бо ў склад мазаўскай дружыны уваходзіць іх зямляк Максім Новікаў. Сёлетні “Дакар” для яго дзясяты, і ў пяты раз мужчына выступае у ролі штурмана аднаго з беларускіх экіпажаў, Аляксея Вішнеўскага. Летась яны фінішыравалі на “Дакары” восьмымі. Нагадаем, яшчэ адзін экіпаж, які ўзначальвае вядомы белаурскі пілот Сяргея Вязовіч, з трох апошніх марафонаў прывёз срэбра і бронзу.

Знакаміты марафон, які за 40 год свайго існавання пралягаў праз абшары Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі, летась перабраўся ў Саўдаўскую Аравію. Усе буйныя аўтаспаборніцтвы бягучага года былі адменены з-за пандэміі, але “Дакар-2021” вырашылі правесці – праўда, у скарэкціраваным фармаце: маршрут стаў больш кампактным, а некаторыя каманды скарацілі колькасць экіпажаў – так, калі раней на трасе ралі-рэйда спаборнічалі тры беларускія МАЗы, то сёлета на старт выйдуць толькі два ўзгаданыя вышэй.

Нягледзячы на моцную занятасць, Максім Новікаў знайшоў час, каб расказаць пра свой шлях у аўтаспорт.

Машынамі ён захапіўся з маленства – пастаянна круціўся ў майстэрнях “Райсельгастэхнікі”, дзе працаваў тата Мікалай Сцяпанавіч. Дужа зайздросціў лепшаму сябру Пашу Басаку, у якога быў мапед, а ў дзявятым класе бацькі здаліся перад ўгаворамі і купілі Максіму матацыкл “Мінск”, так што ўвесь вольны час хлопцы праводзілі ў гаражы. “Мама, ну навошта мне новыя красоўкі… Давай лепш купім поршневыя кольцы!” – агучваў юнак свае жыццёвыя прыярытэты. І Кацярына Іванаўна, хоць і хвалявалася, але заўсёды разумела і падтрымлівала сына. Пасля школы ён абраў тэхнічную сферу – паступіў на аўтатрактарны факультэт БНТУ. Вучыцца на спецыяльнасці “Рухавікі ўнутранага згарання” было няпроста, аднак Максім здолеў атрымаць дыплом з высокім сярэднім балам 8,5. Уладкаваўся на МАЗ, а тым часам кіраўніцтва завода, натхніўшыся прыкладам калег-камазаўцаў, вырашыла пабудаваць беларускі спартыўны грузавік і стварыць гоначную каманду – малады інжынер далучыўся да гэтай справы.

У 2010 годзе беларусы паспяхова дэбютавалі ў міжнародным ралі “Шаўковы шлях” і адправіліся на “Дакар”. А ў 2012-м Максім упершыню трапіў на легендарны марафон у складзе “начных механікаў” – групы спецыялістаў, якія ў час, пакуль гоншчыкі адпачываюць у бівуаках, павінны перагледзець і, калі трэба, адрамантаваць аўтамабілі. “З беларускай зімы трапілі ў аргенцінскае лета. Працавалі па начах, а раніцай выязджалі да новага бівуака, спалі толькі ў машынах. Было складана і вельмі цікава!” – прыгадвае Максім. Але, напэўна, дрэнны той начны механік, які не марыць стаць гоншчыкам. Для гэтага ж, апроч таленту, трэба мець надзвычайную вынослівасць і “жалезны” вестыбулярны апарат, бо перагрузкі падчас ралі не меншыя, чым у касманаўтаў: моцнае трасенне, спёка, абязводжванне, абмежаванае харчаванне, пастаянны стрэс. Кандыдаты ў члены экіпажу праходзяць праверку падчас тэсціравання машын на палігоне ля расійскай Астрахані, і толькі адзінкі трапляюць у кабіну гоначнага МАЗа. Максім прайшоў адбор і тлумачыць гэта з гумарам: “Ну, дык я ж ушацкі хлопец!”

Пралягаюць шляхі гонак праз пустыні, саваны, горныя перавалы. На “Дакары-2019” у Перу, напрыклад, ехаць даводзілася па кромцы глыбокай цясніны. А аднойчы экіпаж Аляксея Вішнеўскага быў вымушаны заначаваць на трасе, бо трапіў у палон… аблокаў, якія яны спачатку прынялі за туман. Адбылося ж гэта, бо прамарудзілі час, пакуль дапамагалі хлопцам з іншай каманды, грузавік якіх лёг на бок. Разам з беларусамі ў гэты пераплёт трапіў і галандскі экіпаж, у якога, да таго ж, скончыўся запас ежы: гродзенская тушонка, якой пачаставалі іх мазаўцы, прывяла еўрапейцаў у поўнае захапленне. Звычайна не даехаўшыя ў дзень этапу да фінішу экіпажы здымаюць з “Дакара”, але Максіму і яго сябрам у парадку выключэння дазволілі працягнуць гонку. У той год, дарэчы, з 43 стартаваўшых грузавікоў да фінішу марафону дабраліся толькі 12.

Гонкі – справа рызыкоўная: па статыстыцы, кожны “Дакар” у сярэднім уносіць жыцці двух чалавек, у пераважнай большасці гэта матацыклісты, таму сёлета яны апрануты ў камізэлькі з падушкамі бяспекі. Аўтамабілістаў жа ад траўмаў ахоўвае спецыяльны каркас, а ад апёкаў – камбінезон, які на працягу 10 секунд вытрымлівае тэмпературу 1500 градусаў. Арганізатары пільна сочаць і за тым, каб пад ім была спецыяльная нацельная бялізна: пілота, які забыўся апрануць адмысловыя шкарпэткі, проста не дапусцяць да гонкі.

Дакар – спаборніцтвы не толькі гоншчыкаў, а і канструктараў. Максім, які з’яўляецца вядучым інжынерам, працуе над стварэннем і ўдасканальваннем грузавых балідаў. Летась, напрыклад, упершыню выпрабоўвалі на трасе марафону новую мадыфікацыю капотніка – такая кампаноўка паляпшае развагоўку аўтамабіля. А галоўнае, крэслы членаў экіпажу знаходзяцца не над пярэднім мостам, як у бескапотніку, а далей, таму на жорсткіх участках іх менш трасе, адпаведна, праходзіць іх можна на большай хуткасці. Вопыт быў прызнаны ўдалым, і сёлета абодва нашы экіпажы выступаюць на капотніках.

Баявы экіпаж складаецца з трох чалавек, і калі функцыі пілота і механіка ўсім зразумелыя, то роля штурмана больш загадкавая. Па словах Максіма, “Дакар” у чымсьці падобны на гульню: трэба як мага хутчэй праехаць усе этапы маршруту, сабраўшы “скрытыя кропкі”. Штурман жа ўказвае пілоту, куды і як рухацца, а вызначае гэта з дапамогай адмысловага GPS і выдадзенага перад гонкай роўдбука (зборніка піктаграм), дзе зялёнымі стрэлкамі пазначаны накірункі, а чырвонымі – небяспечныя месцы. Іншы раз злавіць сігнал ад знойдзенай кропкі можна толькі ў радыусе 20 метраў, але ж ніводную нельга прамінуць, бо атрымаеш штраф.
Пасля пралогу ралі-марафону “Дакар” на дыстанцыі 11кіламетраў экіпаж Вішнеўскага – Новікава быў на другім месцы. На першым этапе, які адбыўся 3 студзеня, і працягласць якога склала 345 кіламетраў са спецучасткам у 277 кіламетраў, хлопцаў не абышлі тэхнічныя праблемы – і яны фінішыравалі на 17-й пазіцыі з вынікам 4 гадзіны 37 хвілін 13 секунд. Сёння, 4 студзеня, грузавікам належыць пераадолець адлегласць ад Бішы ў Вадзі-аль-Давасір (спецучастак –457 кіламетраў).Будзем выглядаць у інфармацыйных відэасюжэтах чырвоны грузавік з надпісам #505. Удачы табе, зямляк, і поспехаў усёй мазаўскай камандзе!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля БАГДАНОВІЧ, Ушачы.