Лёс Вялiкай Любавiцкай сiнагогi абмеркавалi на мiжнароднай канферэнцыi ў Вiцебску

logo
Понедельник, 16.09.2019 14:56 | Рубрика: Религия
05103

Мерапрыемства было прысвечана праблемам захавання, аднаўлення і эксплуатацыі старых рэлігійных будынкаў. Яго арганізатарамі сталі Беларускі камітэт ICOMOS і Музей Марка Шагала. У канферэнцыі ўзялі ўдзел рэстаўратары і менеджэры культуры з Беларусі і краін-суседзяў.

Ад імя гарадской улады гасцей вітаў намеснік старшыні гарвыканкама Віктар Глушын. Ён назваў знакавым тое, што мерапрыемства адбываецца ў Музеі Марка Шагала, створанага намаганнямі энтузіястаў. Віктар Валер’евіч нагадаў, што летась быў адкрыты музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, якое звязана з нашым знакамітым земляком.

Галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама Дзяніс Юрчак таксама адзначыў важнасць удзелу ў праектах па захаванні гістарычнай спадчыны грамадскасці. Як станоўчы прыклад ён прывёў адны з старэйшых у Беларусі яўрэйскія могілкі ў Бешанковічах, якім дзякуючы валанцёрам быў нададзены належны для месца жальбы выгляд.

Спецыялісты разглядалі розныя пытанні: ці мае сэнс захоўваць сінагогі пры адсутнасці іудзейскіх абшчын, якія функцыі для іх пераважней, хто павінен браць на сябе адказнасць за рэлігійныя будынкі і іншыя.

Найбольшую цікавасць у мясцовай публікі, зразумела, выклікаў адкрыты “круглы стол” “Вялікая Любавіцкая сінагога ў Віцебску. Зваротны рух ківача”. Гэты аб’ект, які знаходзіцца ў Задзвінні, звязаны з М. Шагалам, хаця б таму, што стаіць усяго толькі ў некалькіх сотнях метраў ад дома, дзе жыла яго сям’я. Сінагогу пабудавалі ў 1884 годзе драўлянай, а ў 1904-м яна стала цаглянай. Неўзабаве пасля рэвалюцыі яе забралі ў вернікаў. Апошнім гаспадаром да 1980-х быў завод ВІЗАС, а з таго часу будынак безупынна разбураецца.

Вельмі цікавым атрымалася выступленне віцебскіх архітэктараў Аляксандра Міхайлюкова і Глеба Арлоўскага, якія выказалі свае меркаванні наконт далейшага лёсу святыні.

Сярод першачарговых задач называліся наступныя: выдаленне існуючых насаджэнняў і ачыстка ўнутранай прасторы; правядзенне даследаванняў з архітэктурнымі абмерамі; збор і аналіз поўнай інфармацыі пра будаўніцтва і перабудоўлі сінагогі; наданне будынку статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці; распрацоўка праекта кансервацыі альбо рэстаўрацыі ў складзе гістарычнага цэнтра Віцебска.

Дырэктар Музея Марка Шагала Ірына Воранава ўпэўнена, што былая сінагога мае цікавасць і для яе ўстановы, і для турыстаў, якія наведваюць дом, дзе жыў творца. Мы не можам сёння пацвердіць, што ён ці яго сваякі сюды хадзілі. Але ўскосна ўсё паказвае на гэта. Сам Шагал у сваіх мемуарах згадваў, што яго бацька кожную раніцу наведваў сінагогу.

Удзельнікі канферэнцыі пагадзіліся з выказанай Ірынай Воранавай стратэгіяй “маленькіх крокаў”. Першы з іх, па словах Ірыны Сяргееўны, быў зроблены ў пачатку ліпеня: да дня нараджэння мастака неабыякавыя людзі правялі на тэрыторыі суботнік.

Ля былой Вялікай Любавіцкай сінагогі, дзе адбылася прэзентацыя арт-аб’екта: адно з вокнаў заклеілі плакатам-малюнкам са словамі яўрэйскай мудрасці: “Розум па спадчыне не пераходзіць”. Для гасцей тут зрабілі невялічкую тэатральную пастаноўку з каларытам даўніх часоў, свае вакальныя здольнасці прадэманстраваў калектыў “Віцебскія дзяўчаты”.

Чым часцей мы будзем згадваць пра гэты аб’ект, тым больш шанцаў, што справа зрушыцца з мёртвай кропкі і знойдзецца патэнцыяльны інвестар. У самых смелых планах тут можна было б размясціць адну з экспазіцый музея, праводзіць розныя мерапрыемствы. Для пачатку ж руіны трэба хаця бы закансерваваць, бо працэс разбурэння ідзе вельмі хуткімі тэмпамі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.