Шчыра віншую вас са святам Божага Нараджэння!
Гэта светлы час для кожнага хрысціяніна, радаснае свята яднання бацькоў і дзяцей, нашых сем’яў.
Нараджэнне Хрыста сімвалізуе адвечнае памкненне чалавека да шчасця і любові, дабра і міласэрнасці. З гэтым цудоўным днём мы звязваем пачатак новага жыцця, нагадваем усяму свету пра адказнасць за мір і дабрачыннасць.
У святочныя дні, прасякнутыя зместам Евангельскай гісторыі, якая адбывалася больш за дзве тысячы год таму ў Віфлееме, мы будуем планы на будучыню, умацоўваем свае сэрцы ў любові да блізкіх і родных людзей. Сямейныя каштоўнасці — найвялікшы скарб нашага грамадства, які мы абавязаны берагчы для наступных пакаленняў.
Няхай святло Каляднай зоркі прыходзіць у вашы дамы, дапамагае берагчы адзін аднаго, а мір і згода нязменна пануюць на роднай зямлі, у сем’ях, людскіх зносінах.
Жадаю вам, дарагія сябры, здароўя, шчасця, дабрабыту, ашчадна захоўваць традыцыі нашых бацькоў і дзядоў, поспехаў у справах!
З павагай Мікалай Шарснёў,
старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя жыхары і госці нашай сінявокай Бацькаўшчыны!
Хрысціянскі свет уваходзіць у святкаванне Вялікай Падзеі — Нараджэння Божага Сына. Падзея, якая перакрочвае межы часу, і мы не толькі ўспамінаем Нараджэнне Хрыста, мы зноў і зноў сустракаем з’яўленне Бога ў гэтым свеце. Такая ёсць наша вера. Вера ў Бога, няспынна прысутнага сярод нас, — сёння ўжо не ў выглядзе чалавека, але дзякуючы таму, што калісьці нарадзіўся як Чалавек, прагне заставацца з намі і ў нас. Мы — яго Святыня. Нашае цела — Ягоны Храм, а душа — Яго Ўласнасць. Ці памятаем мы пра гэта сёння, калі столькі клопатаў паглынае наш час, а страх і непакой перапаўняюць душу? Ці стукаючыся сёння ў нашае сэрца праз сумленне Божы Сын можа разлічваць на прынамсі невялікі куток з зімнай падлогай, як у той Бэтлеемскай стайні? Ці для нас гэта неабыякава? І няхай не будзе для нас перашкодай той факт, што нашае сэрца яшчэ не такое чыстае і ўтульнае. Хрыстос не прыйшоў, каб судзіць ці абвінавачваць нас. Ён прыйшоў ратаваць. Нам трэба толькі паверыць у Яго бязмежную Міласэрнасць, у яго вялікую Любоў, дзякуючы якой яшчэ існуе гэты свет. Гэта вельмі важна.
Мы павінны сёння абудзіцца як хрысціяне, падобна тым пастушкам, што на заклік анёлаў пайшлі шукаць Нованароджанага Збаўцу ў Бэтлееме, каб наша вера магла ўратаваць гэты свет ад бяды. Бо толькі вера ў Бога, які ёсць Любоў, можа супрацьстаяць фанатызму, у імя якога і сёння яшчэ забіваюць людзей. Спыніць яго можа толькі ўсёпрабачаючая Божая Міласэрнасць, якая дзейнічае праз тых, хто ў Яе паверыў.
Няхай святло Бэтлеемскай зоркі пакажа нам шлях да тых каштоўнасцей, якія падараваў нам Усемагутны праз Цуд у звычайнай Палесцінскай стайні, а збудаванае на іх жыццё нясе радасць і супакой усім людзям добрай волі. Радасці, святла і супакою ад Нованароджанага Збаўцы. Са святам!
Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.