Анатоль Ліневіч дыстанцыйна правёў “прамую лінію” і прыём грамадзян па асабістых пытаннях у Лепельскім райвыканкаме

logo
Пятница, 24.04.2020 10:06 | Рубрика: Власть и люди
01314

Значнай падзеяй для Лепельскага раёна стаў прыезд памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Ліневіча, які ў райвыканкаме правёў “прамую лінію” і прыём грамадзян па асабістых пытаннях дыстанцыйна, па тэлефоне.

Першай ад імя ўсіх жыхароў аграгарадка Вялікі Поўсвіж звярнулася Наталля Трунова:

-- Справа ў тым, што мы не маем магчымасці карыстацца чыстай пітной вадой. Забеспячэнне вядзецца з вежы, адкуль вада ідзе і на базу мінеральных угнаенняў. Яна тэхнічная і непрыдатная для піцця, прыгатавання ежы. Праблема непакоіць нас прыцяглы час. Паколькі ў агарагарадку жыве шмат маладых сем’яў, нас хвалюе таксама пытанне адсутнасці педыятра. Працуе ўрачэбная амбулаторыя, калі ж захварэла дзіця, даводзіцца выклікаць урача паліклінікі. Як правіла, чуем у адказ, што трэба звяртацца да спецыяліста па месцы жыхарства. Дапамажыце, калі ласка, нам вырашыць і гэту праблему.

Анатоль Канстанцінавіч адзначыў, што праблема забеспячэння чыстай пітной вадой аграгарадка Вялікі Поўсвіж узята на кантроль і абавязкова будзе вырашана. Пытанне работы педыятра, на думку прадстаўніка вышэйшай улады, магчыма вырашыць на мясцовым узроўні. Яно абавязкова будзе разгледжана сумесна з кіраўніцтвам Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Са сваім набалелым пытаннем звярнуўся індывідуальны прадпрымальнік Аркадзь Махоцін:

-- Я з’яўляюся ўладальнікам пункта грамадскага харчавання ў Лепелі. З сакавіка бягучага года з мэтай прафілактыкі вострых рэспіраторных вірусных інфекцый забаронена наведванне месцаў масавага знаходжання людзей, работа кафэ абмежавана да 19.00. У цяперашні час у нас не праводзяцца святкаванні розных урачыстасцей, кафэ не наведвае моладзь. Паколькі няма прыбытку, узнікла праблема з выплатай заробку работнікам. Звярнуўся ў банк для атрымання крэдыту, адмовілі. Якім жа чынам мне магчыма аплаціць работу персаналу?

-- Пытанне сапраўды актуальнае, -- пагадзіўся Анатоль Ліневіч. -- Аднак не так даўно Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам было прынята рашэнне прадоўжыць работу ўстаноў грамадскага харчавання да 23 гадзін. Магчыма, гэта ў пэўнай ступені палепшыць ваша фінансавае становішча.

Аркадзь Махоцін шчыра падзякаваў за прыемную навіну.

Сваім набалелым падзяліўся і Уладзімір Бародзіч:

-- У свой час я працаваў інжынерам-цеплатэхнікам на прыватным прадпрыемстве “Радыял Трэйд”. З чэрвеня 2019 года мне не выплочваўся заробак. У студзені 2020 года я звольніўся. Для кампенсацыі грашовых сродкаў, якія мне не былі выплачаны прыватным прадпрыемствам, звярнуўся ў суд. Яго рашэннем з “Радыял Трэйд” былі спагнаны грашовыя сродкі ў маю карысць. Аднак рэальнага выканання рашэння суда пакуль няма.

-- Пытанне няпростае. Патрэбна задзейнічаць некалькі служб і дэталёва вывучыць усе абставіны. Займёмся гэтым і прымем усе магчымыя меры па вырашэнню праблемы, -- запэўніў Анатоль Ліневіч.

Звярнулася да памочніка Прэзідэнта са сваім пытаннем і жыхарка аграгарадка Баброва Тамара Аўласенка:

-- Я жыву ў доме, які непрыдатны для пражывання. З пытаннем прадастаўлення жылля з належнымі ўмовамі я звярнулася ў службу “адно акно” райвыканкама, але ніякага выніку няма.

Анатоль Ліневіч паабяцаў разгледзець праблему ў бліжэйшы час.

Звярнуўся да прадстаўніка вышэйшай улады ў гэты дзень і жыхар Віцебска Уладзімір Філь:

-- У свой час я быў дырэктарам таварыства з дадатковай адказнасцю “Вітспецмантаж”, якое ліквідавана ў 2016 годзе. У яго адносінах было ўзбуджана некалькі выканаўчых вытворчасцей, па адной з якіх спагнаннікам з’яўляецца “СтатусБанк”. Па патрабаванні гэтага банка за сакавік 2020 года былі ўтрыманы грашовыя сродкі з маёй працоўнай пенсіі ў памеры сто працэнтаў. Такім чынам, я не маю ніякіх сродкаў для пражывання.

Анатоль Ліневіч паабяцаў дэталёва разгледзець узніклае пытанне.

-- Мы з мужам ужо не першы год знаходзімся на пенсіі, -- пачала свой зварот Валяніцна Барадзейка. -- У СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” добрасумленна адпрацавалі не адзін год, толькі апошнія гады па прычыне хваробы муж працаваў у іншай арганізацыі. Калі ж мы звярнуліся да кіраўніцтва гаспадаркі за прадастаўленнем транспарту для вывазу гною, камбайна для абмалоту збожжа, аказалася, што мы не маем права на скідку пры аплаце паслуг, бо яна ўстаноўлена калектыўным дагаворам гаспадаркі, і права на яе мы не маем, паколькі ні я, ні муж не з’яўляемся пенсіянерамі СВФ “Заазер’е”. Вельмі крыўдна за такія адносіны да людзей.

-- Абяцаю, што мы падрабязна разгледзем гэта пытанне і пастараемся вам дапамагчы, -- запэўніў жанчыну Анатоль Ліневіч.

Усяго за дапамогай да памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь звярнулася дзевяць грамадзян. Кожнае з пытанняў было дэталёва прааналізавана і ўзята на кантроль.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ВАЗНЯК, Лепель.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений