З якімі пытаннямі звярталіся грамадзяне на «прамую лінію» Анатоля Ліневіча ў Шумілінскім раёне

logo
Среда, 09.09.2020 15:36 | Рубрика: Официально
02479

8 верасня «прамую лінію» і прыём грамадзян у Шумілінскім раёне правёў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

Першы званок быў з аграгарадка Мікіціха. Мнагадзетная маці скардзілася на тое, што ніяк не можа перааформіць дом. Прычына ў тым, што мясцовая гаспадарка некалькі разоў мяняла статус, а таму кожны раз трэба пераафармляць дакументы на зямлю. Заяўніца казала, што канца гэтай цяганіне не бачыць. Жанчыну хвалявала, што з-за таго, што дом не аформлены, яна не можа зрабіць рамонт, бо гэта потым паўплывае на кошт дома пры яго ацэнцы. Анатоль Канстанцінавіч патлумачыў, што афармленне дакументаў на нерухомасць павінна весціся ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам і даручыў мясцовым уладам дапамагчы заяўніцы.

Жыхарку Полацка, якая нарадзілася ў Шумілінскім раёне, хваляваў стан могілак Барсуках і Барках, дзе знаходзяцца магілы яе бацькоў. Там зараснікі, адсутнічае агароджа, дрэнны пад’езд. На думку заяўніцы, нават памятны знак на месцы спаленай вёскі не дагледжаны як след. Разбіта дарога і да могілак у Барках каля вёскі Ферма. Памочнік Прэзідэнта запэўніў жанчыну, што з ёй звяжуцца мясцовыя ўлады і з выездам на месца вызначаць неабходныя меры для навядзення парадку на могілках. Адпаведнае даручэнне адрасавана райвыканкаму. Пры гэтым Анатоль Ліневіч заўважыў, што для добраўпарадкавання падобных месцаў трэба прыцягваць не толькі арганізацыі, але і саміх людзей.

На прыём прыйшлі пяць жыхароў раёна. Адно з пытанняў тычылася капітальнага рамонту дома ў Шуміліне. Заяўніца не аднаразова звярталася з праблемамі на «прамыя лініія», прыходзіла на прыём да розных службовых асоб, але атрыманыя адказы яе не задавальняюць, тым больш, што і сапраўды некаторыя работы былі выкананы няякасна. Яна падрабязна выказала свае прэтэнзіі, з якіх адной з галоўных было тое, што дом не падключылі да гарачага водазабеспячэння.

– Ёсць пэўныя нарматывы, па якіх працуюць будаўнічыя і камунальныя прадпрыемствы, ёсць кантралюючыя органы. Дапушчаны парушэнні, таму я даю даручэнне іх ліквідаваць, тым больш, што гарантыйныя тэрміны на работы яшчэ не мінулі, – адказаў Анатоль Ліневіч.

Кіраўнік УП «Славянскі прадукт» Яўген Салдатаў прасіў дапамогі ў выдзяленні большай квоты для прадпрыемства. Гадавую квоту, выдзеленую арганізацыі яна ўжо практычна выпрацавала, і цяпер трэба ці то спыняць работу да канца года, ці скарачаць штат і звальняць работнікаў. Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў патлумачыў, што прадпрыемства з’яўляецца адным з бюджэтаўтваральных у раёне, а спробы вырашыць пытанне на раённым ці абласным узроўнях безвыніковыя. Анатоль Ліневіч паабяцаў паспрыяць у вырашэнні пытання, улічваючы яго значэнне для эканомікі раёна.

Старшы егер Шумілінскага лясгаса Аляксандр Барысевіч прапанаваў унесці змяненні ў правілы палявання, каб начное паляванне з выкарыстаннем прылад начнога бачання ці цеплавізараў праводзілася ў прысутнасці егера. Ён патлумачыў, што гэта паспрыяе бяспецы, бо часам нявопытныя паляўнічыя не могуць адрозніць па прыборах від жывёлы ці наогул чалавека ад жывёлы. Да таго, гэта дапаможа і ў выяўленні браканьераў. Анатоль Ліневіч паабяцаў звязаць заяўніка з адпаведнымі спецыялістамі.

Падводзячы вынікі прыёму грамадзян, Анатоль Ліневіч адзначыў, што людзей хвалююць бытавыя пытанні, і мясцовай уладзе неабходна пастарацца дапамагчы заяўнікам у адпаведнасці з заканадаўствам, калі ёсць магчымасць.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Сяргей ЕРМАЛАЕЎ, Шуміліна. Фота аўтара.