Михаил Киселевич назначен на должность председателя Лепельского райисполкома

logo
Воскресенье, 23.09.2018 19:15 | Рубрика: Официально
04153

Асноўным у павестцы пазачарговага пасяджэння дэпутатаў Лепельскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання стала зацвярджэнне новага старшыні райвыканкама.

Стаў iм Міхаіл Кісялевіч, які раней працаваў першым намеснікам старшыні райвыканкама.

Аб прафесійным шляху Міхаіла Кісялевіча расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Ула­дзімір Давыдоўскі. Міхаіл Кісялевіч нарадзіўся ў 1988 годзе ў Мінску. У 2011-м скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве». З 2011-га па 2012 год працаваў эканамістам, а затым — вядучым эканаміс­там ААТ «Нясвіжскі райаграсэрвіс». З 2012-га па 2013 год Міхаіл Леа­нідавіч быў намеснікам дырэктара па будаўніцтве, а затым — дырэктарам ААТ «Жасцінае» Лагойскага раёна Мінскай вобласці. З 2013 года ён прадоўжыў свой працоўны шлях на Лепельшчыне: працаваў спачатку намеснікам дырэктара, а потым дырэктарам дзяржаўнай сельскагаспадарчай установы «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя». З 2017-га з’яўляўся першым намеснікам старшыні райвыканкама, адказваў за сельскую гаспадарку.

Аб прафесійных, арганізатарскіх здольнасцях Міхаіла Леанідавіча на пасяджэнні расказалі дэпутаты раённага Савета. Шляхам адкрытага галасавання яны зацвердзiлi кандыдатуру новага старшынi Лепельскага райвыканкама.

Міхаіл Кісялевіч выказаў шчырую ­ўдзячнасць сваім калегам, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, прадстаўнікам гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў за аказаны давер і падзяліўся сваімі планамі, расказаў аб асноўных накірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў далейшым.

Цёплыя словы віншавання кіраўніку раёна выказаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Ён уручыў Міхаілу Леанідавічу службовае пасведчанне.

— Мяркую, што новы старшыня Лепельскага раённага выканаўчага камітэта зможа апраўдаць нашы спадзяванні і зарыентуе Лепельскі раён на далейшае паспяховае развіццё, — сказаў Мікалай Шарснёў. — Галоўны прыярытэт работы ўлады — дабрабыт чалавека. Сёлета Лепельшчына праславілася не толькі на ўзроўні вобласці, а і рэспублікі. Менавіта ў гэтым раёне ў час уборкі збожжавых была намалочана першая тысяча тон, і праз кароткі час з’явіліся першыя трохтысячнікі ў раёне, вобласці і рэспубліцы. Упэўнены, што ў Віцебскай вобласці ёсць выдатны патэнцыял для лідарства і ў наступныя гады. Гэту работу ўдасца ажыццявіць дзякуючы не толькі прафесіяналізму хлебаробаў, але і рабоце высакаякаснай тэхнікі. Забеспячэнне гас­падарак раёна сучаснымі камбайнамі, агрэгатамі павінна пастаянна знаходзіцца ў полі зроку старшыні райвыканкама.

Не менш важным аспектам з’яўляецца таксама адкрыццё новых вытворчасцей, стварэнне новых працоўных месцаў. Менавіта дзякуючы гэтаму ўдасца ў значнай ступені папоўніць раённы бюджэт, а заробленыя фінансавыя сродкі накіраваць на добраўпарадкаванне горада і раёна, вырашыць шэраг іншых важных пытанняў.

Прыемна заўважаць, як Лепель з кожным годам расце, тут будуюцца новыя дамы, пачынаюць працоўны шлях маладыя спецыялісты, а значыць, у раёна ёсць надзейная будучыня. Упэўнены, што дзякуючы далейшай зладжанай рабоце мясцовай улады і адказных службаў, у Лепельскім раёне ўдасца ажыццявіць шэраг перспектыўных накірункаў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ВАЗНЯК. Фота аўтара.