Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч правёў у Докшыцах “прамую лінію” і прыём грамадзян.
З сямі тэлефонных званкоў, якія паступілі на «прамую лінію», тры былі з Докшыцкага раёна, астатнія з Віцебска, Оршы і Лёзненскага раёна.
Старэйшына вёскі Паўднёвае Гняздзілава Іван Ардынскі расказаў пра мясцовыя могілкі, якія, на яго думку, знаходзяцца ў нездавальняючым стане. Магілы людзі даглядаюць самі, а вось што датычыцца агульнай тэрыторыі, то яе ніхто не абкошвае. Патрабуе рамонту і агароджа. Трэба спілаваць аварыйныя дрэвы. Іван Пятровіч прапанаваў жыхарам вёскі сабраць грошы на добрую справу, але пакуль паразумення не знайшоў.
Жыхарка аграгарадка Параф'янава Марыя Варапаева лічыць, што ўчастак вуліцы Першамайскай ад лясніцтва да амбулаторыі неабходна заасфальтаваць, а не абмяжоўвацца грэйдзіраваннем.
З падобным пытаннем звярнуўся і жыхар вёскі Слабада Сяргей Брыкун. Ён прасіў прывесці ў належны стан гравійную дарогу, якая злучае гэты населены пункт з вёскай Рожна Лепельскага раёна.
- Пры наяўнасці грашовых сродкаў дарогі неабходна прывесці ў парадак, - падкрэсліў Анатоль Ліневіч. - Мясцовая ўлада будзе трымаць гэта пытанне на кантролі. Пакуль жа будуць грэйдзіраваць.
У няпростую сітуацыю трапілі дзве дакшычанкі Кацярына Хадаровіч і Паліна Пруская. У мінулым годзе жанчыны зрабілі заказ на выраб кухоннай мэблі ў глыбоцкага прыватнага прадпрыемства «КонепалМебель». Заключылі, як і патрабуецца, дагавор, унеслі 50-працэнтную перадаплату. Аднак свае абавязацельствы заказчык так і не выканаў. Больш таго, адмовіўся вяртаць грошы, хаця суд, куды звярнуліся заяўніцы, адпаведнае рашэнне вынес. Сама ж фірма, як пазней высветлілася, самаліквідавалася.
Анатоль Ліневіч запэўніў, што праваахоўныя органы дасканала вывучаць сітуацыю, звязаную з супрацьзаконнымі дзеяннямі прадпрымальніка.
У размове з журналістамі Анатоль Канстанцінавіч падкрэсліў, што «прамыя лініі» і асабістыя прыёмы даюць магчымасць людзям узняць пытанні, якія іх хвалююць, і атрымаць аб'ектыўныя адказы. Магчыма, не адразу, бо ёсць праблемныя пытанні, якія патрабуюць больш працяглага тэрміну вывучэння.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.