Свята галоўных нацыянальных сімвалаў — Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь — шырока адзначылі ў мінулую нядзелю па ўсёй краіне.
У Віцебску таксама ўжо даўно з’явіліся ўласныя традыцыі правядзення гэтых прыгожых урачыстасцяў. Штогод у другую нядзелю мая з ранку ад мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызвалiцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны на плошчы Перамогі да памятнага знака «Ордэн Перамогі» накіроўваюцца знакамітыя спартсмены вобласці. Вось і гэтым разам парадную калону ўзначаліў майстар спорту па плаванні, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Лондане ў 2012 годзе, дванаццацікратны рэкардсмен Беларусі Юрый Сувораў, якому даручылі высокую місію — запаліць факел ад Вечнага агню і пранесці яго ўздоўж Маскоўскага праспекта. Трымаючы ў руках сцяг нашай дзяржавы, слыннага факеланосца суправаджалі майстар спорту Рэспублікі Беларусь па спартыўнай акрабатыцы, навучэнка спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву №1, фіналістка сусветнага першынства, уладальнік Кубка Беларусі, сярэбраны прызёр чэмпіянату краіны Алёна Артамонава, кандыдат у майстры спорту па спартыўнай гімнастыцы, член нацыянальнай зборнай каманды Беларусі, неаднаразовы прызёр рэспубліканскіх першынстваў і чэмпіянатаў Ігнат Паташоў, навучэнцы спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву абласнога спартыўнага клуба па гульнявых відах спорту, пераможцы першынства Рэспублікі Беларусь па валейболе і баскетболе сярод дзяўчат і юнакоў Наталля Малевіч, Аляксандра Малевіч, Георгій Старкін і Мікіта Зайцаў.
Прыбыўшы да помніка «Ордэн Перамогі», Юрый Сувораў запаліў сімвал Вечнага агню. Да гэтага хвалюючага, прасякнутага глыбокім пачуццём патрыятызму моманту для ўдзелу ў мітынгу ўжо сабраліся прадстаўнікі органаў улады, ветэранскіх арганізацый, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў адукацыі, культуры, спорту.
Велічную цырымонію, прысвечаную Дню Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, адкрыў старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч, які ад імя дэпутацкага корпуса вобласці і горада, выканаўчых камітэтаў павіншаваў усіх прысутных.
— У розныя часы фарміравання дзяржаўнасці галоўныя палітычныя сімвалы краіны служылі адной мэце — яднанню і згуртаванню беларускага народа, — адзначыў Уладзімір Іосіфавіч. — Герб, сцяг і гімн перадаюць нацыянальны дух і годнасць беларусаў, падкрэсліваюць культурную спадчыну нашага народа. Яны аб’ядноўваюць нас у самыя важныя моманты і выклікаюць у душы пачуццё гонару за Радзіму.
У.Бялевіч таксама заўважыў, што дзяржаўныя сімвалы з’яўляюцца нашым набыткам, які ўсяляе веру ў будучыню. Яны — крыніцы фарміравання патрыятызму, любові да Айчыны, глыбокай пашаны да яе гісторыі, дзяржаўнай мовы, культуры, традыцый.
— Хай што ні дзень расце павага да нашай краіны. Хай кожны, хто глядзiць на Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусі, адчувае гонар і адказнасць за лёс Радзімы і яе будучыню! — пажадаў Уладзімір Бялевіч.
Ганаровае права ўзняць дзяржаўны сцяг даверылі лаўрэату звання «Чалавек года Віцебшчыны-2015» камандзіру 357-га асобнага гвардзейскага мабільнага батальёна 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь гвардыі маёру Валерыю Булыгу, удзельніку партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны Таццяне Забеле, Юрыю Сувораву.
Канцэртныя нумары выканалі студэнты і выкладчыкі ВДУ імя П.М.Машэрава.
Святкаванне на гэтым не прыпынілася: багата мерапрыемстваў прайшло на адкрытых пляцоўках горада, у комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі.
Усё — для цябе, адзіная, радзімая, самая прыветная наша Беларусь!
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.