Напярэдадні прафесійнага свята ў Віцебску ўзнагародзілі работнікаў сферы культуры вобласці

logo
Четверг, 09.10.2025 16:16 | Рубрика: Общество
0973
У гэтым годзе на святочнай сустрэчы ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў сабраліся самыя вядомыя і таленавітыя прадстаўнікі сферы культуры вобласці. Словы ўдзячнасці за штодзённую працу і адданасць сваёй справе прадстаўнікі ўлады выказалі артыстам, майстрам, выкладчыкам, бібліятэкарам, музейным супрацоўнікам і ўсім тым, хто звязаны з культурнай дзейнасцю.


Адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, старшыня абласного Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў выказаў словы падзякі работнікам культуры і адзначыў, што на Віцебшчыне ганарацца багатай спадчынай і людзьмі, якія перадаюць новым пакаленням сваю ўнікальную культуру, ствараюць новыя ўзоры мастацтва, сваёй працай аб’ядноўваюць шмат людзей.



На мерапрыемстве назвалі пераможцаў прэміі Віцебскага аблвыканкама «За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва». У намінацыі «Лепшы артыст філармоніі» узнагароду атрымаў артыст Віцебскай абласной філармоніі Уладзімір Толмач, лепшым артыстам тэатра стала Аляксандра Бурдзілоўская з Беларускага тэатра «Лялька». За педагагічныя дасягненні адзначылі настаўніка Дзіцячай школы мастацтваў імя А. В. Багатырова Алесю Калачову. У намінацыі «Лепшы клубны работнік» прэмію атрымала загадчык філіяла Цэнтра нацыянальных культур Цэнтра культуры «Віцебск» Дар’я Моцяж. Сярод бібліятэчных работнікаў адзначана загадчык бібліятэкі-філіяла № 19 імя Еўдакіі Лось Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы города Віцебска Ганна Шашуткіна.

Падзякі старшыні Віцебскага аблвыканкама атрымалі выкладчык Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.І. Салерцінскага Анатоль Бяляўскі і артыст-вакаліст Віцебскай абласной філармоніі Валерый Бруйка.


Начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Марына Юркевіч уручыла нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» намесніку дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Вольге Камендантавай.

Таксама работнікі культуры абласных, гарадскіх і раённых устаноў культуры атрымалі граматы і падзякі ўпраўлення культуры аблвыканкама і абласной арганізацыі Беларускага прафсоюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Кветкамі і шчырымі апладысментамі сустрэлі шаноўных гасцей – ветэранаў працы ў сферы культуры вобласці. Яркія творчыя нумары прадставілі гасцям мерапрыемства творчыя калектывы Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юлія ПРЫШЧЭПА. Фота аўтара.