22 сакавіка ў Віцебску гукалі вясну – і яна адгукнулася

logo
Суббота, 22.03.2025 15:59 | Рубрика: Общество
0740
22 сакавіка / "Віцьбічы" / Юлія Прышчэпа /. Сёння ў Віцебску гукалі вясну. І яна адгукнулася! Фотарэпартаж са свята веснавога календара ў культурна-гістарычным комплексе «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна».


Абрад «Гуканне вясны» з'яўляецца адным з самых жыццесцвярджальных сярод беларускіх традыцыйных святаў. Яго звычайна праводзяць у канцы сакавіка, калі канчаецца халодная і доўгая зіма. Прыгожы абрад беларусы праводзілі, каб паскорыць надыход вясны, якая нясе людзям цяпло.


Свята «Гуканне вясны» правялі для гараджан і гасцей горада супрацоўнікі культурна-гістарычнага комплекса «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна». Гасцей сустракалі ўдзельнікі ансамбля «Жалейка» і прапанавалі завязаць стужачкі на «Кола шчасця». Гараджане даведаліся, што «Гуканне вясны» з'яўляецца музычным святам. Раней яго адзначалі ва ўсіх вёсках: дзяўчаты спявалі песні-вяснянкі і прасілі сонца хутчэй прагрэць зямлю. Кожная песня мела ў канцы гучны заклік: «Гу-у-у-у-у!».


Святочная праграма працягнулася ў прасторнай зале: тут спявалі веснавыя песні, вадзілі карагоды, ахвотна збіраліся гледачы на танцы «Яблачка», «Месяц», «Каханачку». Дзеці і дарослыя з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у народных гульнях. 


Удзельнікі свята атрымалі печаных «жаўранкаў», падзякавалі маладых артыстаў за цудоўнае свята і сфатаграфаваліся з імі на памяць. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юлія ПРЫШЧЭПА. Фота аўтара.