Юбілейны вечар з нагоды 75-годдзя заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктара Клімчука прайшоў у Віцебску

logo
Понедельник, 29.11.2021 15:37 | Рубрика: Культура
02367
Важныя даты ў сваім жыцці Беларускі тэатр "Лялька" адзначае такім чынам, што яго ўрачыстасць становіцца яркім святам і для гледачоў – шматлікіх прыхільнікаў заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь і той сапраўды казачнай краіны, якую стварылі віцебскія лялечнікі.


Так было і ў мінулыя выхадныя, калі ўшаноўвалі мастацкага кіраўніка Беларускага тэатра «Лялька» Віктара Клімчука з нагоды яго 75-годдзя.

Шмат добрых слоў (і справядліва!) сказана пра гэтага дзіўнага чалавека. Віктар Клімчук стварыў калектыў, які ўзбагаціў беларускае мастацтва, памножыў тэатральную славу горада на Дзвіне. Наша "Лялька" ўваходзіць у лік вядучых лялечных тэатраў Еўропы.


Святочная праграма была насычанай і разнастайнай. Кожны капуснік "Лялькі" – асобны твор мастацтва. У мінулую нядзелю тэатральнае фае ператварылася... у парк культуры 1960-х (так, гэта тыя гады, калі малады Віктар Ігнатавіч пачынаў сваё ўзыходжанне на тэатральны Алімп). Рэтраатмасфера прыйшлася да сэрца гледачам, якія быццам апынуліся на канцэрце завадской мастацкай самадзейнасці, дзе пасля працоўнай змены простыя савецкія хлопцы (Алег Рыхтэр, Сяргей Талкач і Валерый Зімніцкі) з гітарамі ў руках запальвалі па поўнай праграме. Чароўная матальшчыца 6-га разраду Маруся Клімава (Марына Марозава) ўсхвалявала ўсіх выкананнем знакамітых несмяротных шлягераў. Вось ужо сапраўды таленавітыя лялечнікі таленавітыя ва ўсім. А ў гэты час чароўныя стварэнні (таксама актрысы тэатра) з тонкімі таліямі і ў белых шкарпэтках танцавалі пад музыку ансамбля «Ад сэрца да сэрца». О, рэтра незабыўных 1960-х... Але які быў Яўген Гусеў у абліччы гэткага бесшабашнага весялуна з недакуркам у зубах! А работнік кіёска “Саюздрук” (кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Людміла Сіманёнак), якая прадавала газеты! Ды і аўтамат газаванай вады (здаецца, тры капейкі за шклянку) таксама быў добры.

З "парку культуры" ўсе падняліся ў глядзельную залу, дзе грымнуў святочны канцэрт, пабудаваны па жыццёвым сюжэце рэжысёра. У гэтым тэатральным дзействе маладога Віктара Клімчука іграў... Міхаіл Клімчук, таленавіты акцёр і рэжысёр, а яшчэ – сын Віктара Ігнатавіча.

Аповед пра этапы вялікага шляху чаргаваўся шыкоўнымі сцэнічнымі нумарамі. Мора гумару і пластыкі, акіян весялосці і добрых пачуццяў. Ну, як не захапляцца Вольгай Маханьковой у абліччы прыемнай ва ўсіх адносінах украіначкі. А ў наступны момант яна выходзіць ужо ў касцюме не менш выдатнай вядучай. Разам з ёю вядзе канцэрт і віншавальную частку інтэлігентны Юрась Франкоў у чорным касцюме. Ну, вельмі прадстаўнічы канферансье. Ужо ці не з цырымоніі ўзнагароджання прэміяй "Оскар" яго прывезлі ў Віцебск?


Юбіляра віншавалі многія вядомыя людзі. Падзяку міністра культуры ўручыла Віктару Ігнатавічу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення – начальнік упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева, а падзяку старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта – начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі.

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Дзмітрый Краснабаеў адзначыў, што мала каму з рэжысёраў удаецца стварыць тэатр з нуля і столькі гадоў весці яго да новых і новых вяршыняў. Прагучалі па відэасувязі віншаванні ад творчых людзей і сяброў Віктара Ігнатавіча з Расіі, Украіны, Польшчы, Сербіі.

Заключныя словы юбіляра, якія Віктар Ігнатавіч вымавіў усхваляваным голасам, нікога ў зале не пакінулі абыякавымі.

– Ёсць вы, удзячныя гледачы. Ёсць такія таленавітыя акцёры. Таму і атрымаўся наш тэатр. У гэтым не толькі мая заслуга, але яшчэ і ваша, ваша, – паказваў Віктар Ігнатавіч на сваіх акцёраў і гледачоў у зале. – Заслуга ўсіх нас. Таму дзякуй Богу, што здарылася так, што мы сустрэліся ў Віцебску і разам зрабілі такі цудоўны тэатр. Дзякуй вам усім!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Віталій СЯНЬКОЎ. Фота Вячаслава ШАЙНУРАВА.