У Коласаўскім тэатры 24 чэрвеня адбудзецца прэм’ера інтэрактыўнай камедыі «Пёс Белага вострава»

logo
Среда, 23.06.2021 15:20 | Рубрика: Культура
01841

У Коласаўскім тэатры 24 чэрвеня адбудзецца прэм’ера інтэрактыўнай камедыі «Пёс Белага вострава» па аднайменнай п’есе вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава.

Як паведамляе сайт НАДТ імя Якуба Коласа, спектакль пройдзе 24 чэрвеня на вялікай сцэне, пачатак а 19 гадзіне.

Малады акцёр Вілен занадта рана «злавіў зорку», але не змог утрымацца на небе. Шлях да поспеху, прафесійнага росту, кахання нішчаць благія звычкі... І хто дапаможа, калі ў кожнага свае ўласныя праблемы?!.. Але выйсце ёсць – Белы востраў і ягоны жыхар, анёл-ахоўнік Пёс. Белы востраў – нязбыўная мара, дзе кожны знаходзіць сябе і мае шчасце казаць толькі праўду.

Інтэрактыўны спектакль дазволіць гледачам стаць непасрэднымі, актыўнымі ўдзельнікамі сцэнічнага дзеяння. Яны разам з Віленам пройдуць складаны тэатральны шлях, напоўнены гумарам, камічнымі сітуацыямі і арыгінальнымі сюжэтнымі паваротамі. Усе разам мы даведаемся, ці магчыма здабыць шчасце і наблізіцца да запаветнай мары.

Пастаноўка і музычнае афармленне беларускага рэжысёра Святланы Навуменка, якую гледачы Коласаўскага тэатра ведаюць па дзіцячых пастаноўках «Залатое сэрцайка», «Гісторыя двух сабак», «Папялушка». Сцэнаграфія і касцюмы Юрыя Саламонава, харэаграфія Дзіяны Юрчанка. Тэксты песень Максіма Дубоўскага.

Пераклаў п’есу на беларускую мову Алесь Замкоўскі. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by