Элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Беларускае мастацтва выцінанкі» нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

logo
Четверг, 22.04.2021 14:44 | Рубрика: Культура
02386

Днямі такое рашэнне было прынята на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ў Міністэрстве культуры. Мастацтва выцінанкі распаўсюджана на тэрыторыі ўсіх абласцей Беларусі. Са 100 майстроў у рэспубліцы 20 — прадстаўляюць Віцебскую вобласць. Гэта носьбіты майстэрства выцінанкі з Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Пастаўскага, Полацкага, Сенненскага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага, Шумілінскага раёнаў і гарадоў Віцебск і Наваполацк.

Выцінанка — выразанне ажурных узораў з белай і каляровай паперы — традыцыйны беларускі від творчасці. У народным побыце ён стаў распаўсюджаны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Сучасная выцінанка, па меркаванню экспертаў, дасягнула ўзроўню сапраўднага мастацтва, якое працягвае даўнія традыцыі.

Сёння выцінанка, характэрная для Віцебскай вобласці, разнастайная і багатая па зместу і формах: побытавыя фіранкі, сурвэткі, вугалкі, падузорнікі; сюжэты на традыцыйныя тэмы (букеты, кветкі ў вазонах, гірлянды, дрэвы жыцця, птушкі), кампазіцыі з антрапаморфнымі і архітэктурнымі выявамі, а таксама народных святаў, абрадаў і многія іншыя вырабы.

Вялікую работу па папулярызацыі выцінанкі праводзіць Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці — гэта адкрыццё персанальных выстаў майстроў народных мастацкіх рамёстваў па выцінанцы, правядзенне ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” абласных святаў-конкурсаў па выцінанцы. У розныя гады былі выдадзены кнігі — вучэбны дапаможнік “Ажурные вырезки из бумаги” сумесна з ВДУ імя П.М.Машэрава, метадычны зборнік “Жить, чтобы творить”, прысвечаны майстру выцінанкі ТаццянеЛабуновай, буклет-каталог па выніках абласнога свята-конкурсу майстроў выцінанкі “Ажурныя мары”.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Падрыхтавала Наталія КРУПІЦА. Фота ВАМЦНТ.