Сярэдняя школа № 6 горада Віцебска славіцца этнаграфічнай экспазіцыяй “Беларуская хатка”

logo
Вторник, 16.02.2021 10:15 | Рубрика: Культура
01054
У СШ № 6 горада Віцебска сабраны антыкварыят з розных рэгіёнаў Віцебскай вобласці: Лепельшчыны, Сененшчыны, Глыбоччыны, Пастаўшчыны, Гарадоччыны і Шуміліншчыны. Ёсць і прадметы з Палесся. Тут знайшлі годнае месца прылады працы і прадметы сялянскага быту нашых продкаў.

Колішнія рэчы хатняга ўжытку ствараюць утульнасць і цеплыню, дазваляюць хаця б на непрацяглы час вярнуцца ў мінулае і наведацца ў звычайную сельскую хатку.
– Прадметы даўніны мы збіраем ужо больш за 20 гадоў, – расказвае захавальніца “Беларускай хаткі” настаўнік гісторыі СШ № 6 Алёна Касцянка. – Усё пачыналася з малой экспазіцыі. Ля вытокаў стаялі настаўнікі нашай школы, затым далучыліся дзеці, іх бацькі і родныя, якія па макулінках збіралі наш міні-музей. Мы імкнуліся ўзнавіць унутраны інтэр’ер звычайнай беларускай хаткі. І ў нас гэта атрымалася.
Галоўнае месца ў хаце займае печ, а ў духоўным плане – чырвоны куток ці покуць. Этнаграфічную экспазіцыю прадстаўляюць калекцыі пранікаў, глінянага посуду, прасаў, рушнікоў, дарэчы, аднаму з якіх больш за сто гадоў. Прыцягвае ўвагу наведвальнікаў і калекцыя абрадавых лялек.
У школе створаны інтэрактыўны музей, які знаёміць наведвальнікаў школьнага сайта з прадметамі быту “Беларускай хаткі” на рускай і замежнай мовах.
На новы лад
Падлеткаў, што наведваюць “Беларускую хатку”, часцей цікавіць, як рабілася тканіна, выпякаўся хлеб, для чаго прызначаўся той ці іншы прадмет быту.
Асаблівы інтарэс у моладзі выклікае параўнанне старадаўніх экспанатаў з сучаснай тэхнікай. Паспрабуй, напрыклад, сярод шматлікіх прадметаў быту экспазіцыі знайсці сучасны міксер. Альбо адкажы на пытанне, што такое трапло ці церніца. Не кожны чалавек, у рукі якога трапіць пранік, – пляскаты драўляны брусок з ручкай, адразу здагадаецца, для чаго ён прызначаўся. Выкарыстоўваўся пранік для выбівання і прасавання бялізны. Адбівалі ім таксама лён і проса. Пранік прымяняўсяі для прыгатавання сечанай капусты, мяса для каўбас.
 
Серп, цэп для абмалоту зерня, жорны – гэтыя прадметы дапамагалі гаспадыні атрымаць з пшаніцы муку. Потым ёй яшчэ доўга трэба было завіхацца ля печы, каб на стале з’явіўся духмяны хлеб.
Сённа дастаткова толькі зайсці ў краму. Тут можна набыць адзенне, выбраць хлеб, як кажуць, на любы густ і колер. Толькі, зразумела, смак гэтага хлеба будзе зусім не такі, як раней, а сукенка ці спадніца, нават самыя модныя, не перададуць таго цяпла і пяшчоты жаночых рук, якія іх рабілі.
Раней амаль у кожнай хаце меўся ткацкі станок: усе вясковыя жанчыны ткалі і пралі. А працэс гэты даволі складаны. Дарэчы, падрыхтоўка да яго – загатоўка і апрацоўка льну – патрабавала сіл не менш. Спачатку культуру трэба было пасеяць, а затым дагледзець. Потым лён уручную рвалі, слалі, мялі, трапалі, часалі, і толькі пасля гэтага атрымліваліся ніткі.
У мінулыя часы выкананне штодзённых абавязкаў давалася гаспадыням няпроста. Бо пыласос тады не пыласосіў, мульціварка не варыла, пральная машына не мыла і не паласкала. Усё прыходзілася рабіць уручную.
На змену старадаўнім хатнім рэчам прыйшлі новыя ўзоры тэхнікі са шматлікімі функцыямі. І, каб запусціць працэс, дастаткова проста націснуць кнопку… Але за прадметамі глыбокай даўніны – бясцэнны чалавечы вопыт, майстэрства і талент руплівых гаспадароў і гаспадынь. Раней рэчы рабіліся так, каб служыць чалавеку доўгія гады. Зараз мадэлі тэхнікі змяняюцца з хуткасцю свету, маюць шмат трэндаў. Але ці такія дарагія яны нашаму сэрцу?
Сучаснае жыццё “Беларускай хаткі”
Штогод этнаграфічная экспазіцыя школы № 6 прымае шмат гасцей.
– Наша хатка вельмі мабільная і вядомая. Дзверы экспазіцыі заўсёды гасцінна адчынены не толькі для настаўнікаў і вучняў нашай школы, але і для гасцей з іншых устаноў адукацыі, – адзначае Алёна Аляксандраўна.
Школьная экспазіцыя дазваляе моладзі вывучаць гісторыю і культуру роднага краю. У “Беларускай хатцы” праходзяць урокі на тэму паўсядзённага жыцця нашых продкаў.На базе экспазіцыі дзейнічае этнаграфічны гурток “Юны экскурсавод”.
На падставе сабраных экспанатаў і гістарычных звестак аб іх хлопцы і дзяўчаты пішуць даследчыя работы, якія прадстаўляюць на тэматычных конкурсах.
Летась вучні ўдзельнічалі ў інавацыйным конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. На абласным этапе, які праходзіў у Оршы, дзеці прадставілі віртуальны музей і былі адзначаны дыпломам.
Разнастаіць заняткі па гісторыі ў школе дапамагае таксама праект “Музей у чамадане”. У будучым пры этнаграфічнай экспазіцыі плануюць стварыць батлейку. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Анжэла ШУРДУКОВА. Фота Сяргея СЛЯПЦОВА.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений