Чым цікавая абласная выстава інсітнага мастацтва Insitus-2020, якая пачала работу ў Віцебску?

logo
Пятница, 06.11.2020 12:44 | Рубрика: Культура
02966

VI адкрытая абласная выстава інсітнага мастацтва Insitus-2020 пачала работу ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (АМЦНТ) і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Яна прысвечана 380-годдзю з дня нараджэння разьбяра і друкара беларускага паходжання Васіля Кораня – стваральніка Бібліі ў карцінках – знакавага твора народнага мастацтва, друкарскага рамяства і духоўнай культуры ХVІІ стагоддзя.

Жывапіс, графіка, разьба па дрэве, дэкаратыўнае маляванне (дываны), скульптура, архітэктура, арт-аб’екты, інсталяцыі – інсітнае (наіўнае) мастацтва Беларусі, Расіі, Літвы прадстаўлена ва ўсёй шматстатнасці відаў і тэхнік. Экспазіцыя складаецца з двух частак. У АМЦНТ размешчана калекцыя рэканструкцый графічных аркушаў Бібліі В. Кораня, зробленых маскоўскім мастаком, прэзідэнтам Акадэміі народнага мастацтва Віктарам Пензіным. Тут таксама прадстаўлена рэтраспектыва твораў інсітнага мастацтва канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя – гэта работы знакамітых народных мастакоў-самавукаў Віцебшчыны, добра вядомых за межамі ў Беларусі, – Хведара Максімава, Мікалая Байцова, Пятра Зяляўскага, Марыі Ларынай і іншых.

У зале абласного краязнаўчага музея размешчана каля 200 твораў самадзейных аўтараў з Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай абласцей і замежных ўдзельнікаў праекта – знакамітага мастака, вядомага кінасцэнарыста Юрыя Пяткевіча (Беларусь – Расія), сусветна вядомага мастака-прымітывіста са Светлагорску Сяргея Коваля, Антона Ляховіча (Літва), Святланы Дружковай, Уладзіміра Гарохава (Санкт-Пецярбург).

Агульная канцэпцыя выставы – арткніга і сінтэз візуальнага вобраза і слова – прадстаўлена мастакамі ў розных інтэрпрэтацыях. У творах адлюстраваны тэмы гісторыі і культуры роднага края, духоўна-рэлігійныя, народных святаў і сямейных абрадаў, народных герояў і творцаў. Мастакі-прымітывісты з любоўю захавалі вобразы беларускіх майстроў, асветнікаў, літаратараў – У. Караткевіча, В. Быкава, Р. Барадуліна, Д. Сімановіча і іншых.

Сябра народнага клуба мастакоў-аматараў «Контур» Культурна-гістарычнага комплекса «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна» Ніна Воранава прадставіла на выставу цёплыя кранальныя работы па матывах ціхага быту сялянскай сям’і, яе традыцый. Маляванне – захапленне віцябчанкі, асноўная ж яе спецыяльнасць – эканаміст.

– Я не магу не маляваць, гэта мне дае жыццёвую энэргію. Прыдумляю сюжэты па ўспамінах з дзяцінства, якое праводзіла ў вёсцовым доміку у бабулі, – падзялілася Ніна Васільеўна.

– Кожны мастак мае свой почырк, тэмы, але агульная рыса – іх паглыбленасць у сваю жыццевую прастору, ў родны край – яны адлюстроўваюць гістарычныя месцы, прыроду, – растлумачыла кандыдат мастацтвазнаўства, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ Людміла Вакар. – У іх работах – глыбокая шчырасць, усхваляванасць, і гэта падкупляе гледача.

Як адзначыла Людміла Уладзіміраўна, амаль 30 гадоў таму, у 1991 годзе Віцебскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культасветработы правёў першую абласную выставу наіўнага мастацтва і стаў ініцыятарам наступных Нацыянальных выстаў Insita (1994, 2000, 2008, 2012, 2016 гады). У 2020 годзе інсітнае мастацтва Віцебкай вобласці прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.

– Калі бачыш гэтыя светлыя, жыццярадасныя работы, падымаецца настрой, – адзначыў начальнік ўпраўлення культуры аблвыканкаму Пётр Падгурскі, які павіншаваў удзельнікаў з чарговай выставай.

Падчас адкрыцця адбылася прэзентацыя альбома віцебскай мастачкі Антаніны Маісеевай «Антаніна Маісеева. Жыццё ў карцінках: жывапіс, графіка, успаміны, вершы».

Insitus-2020 можна ўбачыць на працягу лістапада.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна САЛАЎЁВА. Фота аўтара.