Чым уражвае гледача прэм’ерны спектакль «Метро», які ідзе на сцэне драматычнага тэатра імя Якуба Коласа?

logo
Вторник, 13.10.2020 15:48 | Рубрика: Культура
03964

З канца жніўня з поспехам ідзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа прэм’ерны спектакль «Метро».

Ён пастаўлены па п'есе сучаснага беларускага драматурга Аляксандра Савухі. У ролі рэжысёра-пастаноўшчыка ўпершыню выступіў былы мастак тэатра Андрэй Жыгур.

Ён стаў адным з пераможцаў рэспубліканскага конкурса рэжысёрскіх эксплікацый і ўвайшоў у дзясятку ўдзельнікаў, чые пастаноўкі на працягу трох гадоў будуць ажыццёўлены ў тэатрах краіны пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.

Андрэй Жыгур скончыў худграф ВДУ імя П. М. Машэрава, аспірантуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, стварыў сцэнічнае афармленне і эскізы касцюмаў да шэрагу пастановак коласаўскага тэатра. Зараз вучыцца ў маскоўскай Вышэйшай школе сцэнічных мастацтваў на курсе Канстанціна Райкіна па спецыяльнасці «рэжысура тэатра». Пасля ўдалага дэбюта Андрэй Жыгур стаў штатным рэжысёрам-пастаноўшчыкам коласаўскага тэатра. У спектаклі «Метро» выступіў таксама ў якасці сцэнарыста і мастака.

Па сюжэту, галоўны герой – буйны ганарлівы бізнесовец, сам таго не разумеючы, апынаецца ў становішчы, з якога няма выйсця. І там, ў паралельным свеце, да яго вярталіся страчаныя сумленне, здольнасць спачуваць, дапамагаць людзям. Але – позна. «Ён ўжо нічога змяніць не зможа, а вось ты – яшчэ можаш!» – гэты пасыл ідзе да гледача. Героі гэтай «цёмнай гісторыі са святлом пад канец тунэля», як заяўлена ў праграмцы, гавораць гледачу пра мімалётнасць жыцця, пра тое, што грошы, нават самыя вялікія, абсалютна нічога не значаць і не могуць быць крытэрыям каштоўнасці нашага існавання ў гэтым свеце. Рэжысёр, акцёры ставяць пытанні, прымушаюць думаць і пераацэньваць жыццёвыя ўстаноўкі.

– Тэатр – гэта не заўсёды мастацтва забаўляльнае, – лічыць Андрэй Жыгур. – Але можа быць і сур’ёзным, якое ставіць перад гледачом пытанні. Мне здаецца, што тэатр павінен несці пэўную інфармацыю, даносіць думку. Мне б хацелася, каб новая пастаноўка выклікала спрэчкі, накіроўвала да дыскусіі.

Спектакль ідзе на камернай сцэне. Ролі выконваюць акцёры Дзмітрый Каваленка, Пятро Ламан, Арцём Герак, Аляксандр Казлоў, заслужаны артыст Беларусі Георгій Лойка, Уладзіслаў Жураўлёў, Анжаліка Баркоўская.

Спектакль знайшоў водгук моладзевай аўдыторыі. У рамках тэатральнага праекта «Студэнцкі вечар» пастаноўку ўжо з цікавасцю паглядзелі студэнты Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, рассказала ініцыятар праекта адміністратар па распаўсюджванню тэатральных квіткоў Соф’я Мулер, яна будзе прапанавана і моладзі з іншых вышэйшых і сярэдніх спецыяльных і навучальных устаноў горада.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна САЛАЎЁВА. Фота Наталлі Лавіцкай-Ярмолавай.