Мы завіталі да пастаяннага аўтара літаратурнай старонкі «Віцьбічаў» Валянціны Пчолкi

logo
Понедельник, 08.11.2021 15:08 | Рубрика: Год народного единства
01067

Вершы з-пад яе лёгкай рукі сыплюцца, нібы пацеркі, і зіхацяць у зборніках дзіцячай паэзіі, куды ўключаны разам з творамі такіх беларускіх класікаў як Уладзімір Караткевіч, Еўдакія Лось і іншых. Ёсць ў Валянціны Ягораўны і ўласны зборнік “Сінія вядзерцы”. Падрыхтаваны і перададзены ў выдавецтва “Мастацкая літаратура” рукапіс другога зборніка, у якім больш за сотню дзіцячых вершаў. Валянціна Ягораўна і ў 90 гадоў (юбілей яна адсвяткавала мінулым летам) гарыць натхненнем.

Маленькім беларусам, для якіх яна піша толькі на роднай мове, Валянціна Ягораўна, нібы ласкавая бабуля: праз вершы і суніцамі з малаком пачастуе, і спагадзе, сяброўству, павазе да бацькоў навучыць. Менавіта такая паэзія патрэбна сёння для выхавання – былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая больш за 40 гадоў прысвяціла педагагічнай справе, добра гэта адчувае.

– У наш час ёсць усё. Але нестае да ўсяго павагі, – мудра разважае Валянціна Пчолка. – А гэтаму вучыць трэба з маленства.

Паэзія была наканавана ёй лёсам. Ад Копысі, дзе нарадзілася Валянціна Ягораўна, да ляўкоўскай дачы Янкі Купалы было рукой падаць. Паэтава хаціна віднелася з берага Дняпра, да яе вяла пратораная лясная сцяжына.

– Янка Купала прыходзіў да нас ў школу, чытаў свае вершы. Мы, дзеці, сустракалі яго на кірмашы, на пошце, ў лесе, калі хадзілі па грыбы і ягады, – ўзгадвае Валянціна Ягораўна і нібы сведчанне прыводзіць вершаваныя радкі. – “Дарослыя саромеліся, пэўна, не бралі ягад ля яго сцяжын, а нам, дзятве ад сонца з першых пеўняў сунічны водар галаву кружыў. Мы падыходзілі да самай дачы і кошыкі паўнюткімі былі. І радаваліся сваёй удачы, усцеж Дняпра шчаслівыя ішлі”. Гэта ўрывак з вялікага цыкла вершаў, якія Валянціна Пчолка прысвяціла Янку Купалу. Усе яны напісаны на мясцовым матэрыяле, пад уражаннем ад незабыўных сустрэч з паэтам і ад таго, як успрымалі яго жыхары наваколля.

– Аднойчы з матуляй мы ішлі па лесе і ўбачылі мужчыну, на плячы якога сядзела вавёрка і ласавалася з яго рукі. Мама, дык гэта ж Купала! – узрадавана выгукнала я. – Ён быў неверагодна добры, любіў усё жывое, з павагай ставіўся да любой жывой істоты. Памятаю і іншую сустрэчу ў лесе, калі, сарамліва працягнула яму баравічок з поўнага кошыка. Як жа я была ўражана, калі ўжо дарослая ўбачыла карціну Міхаіла Савіцкага, на якой у бары побач з паэтам стаяла маленькая дзяўчынка і падавала яму грыбок. У гады Вялікай Айчыннай мы, дзеці, знаходзілі жоўтыя лістоўкі на белым снезе, на якіх быў надрукаваны вершаваны зварот Янкі Купалы “Беларускім партызанам”. Паэт быў з намі нават ў самую цяжкую часіну, яго прысутнасць людзі адчувалі наўкола.

– Кожнаму аўтару неабходна зваротная сувязь, каб яго вершы друкавалі, каб яны маглі знайсці свойго чытача, газета “Віцьбічы”, дзе захавалася “Літаратурная старонка”, дае і сталым, і пачынаючым паэтам такую цудоўную магчымасць, – гаворыць Валянціна Ягораўна і нешта хуценька піша на паперцы. Потым працягвае мне: “Чакаю “Віцьбічаў”, як бога, я з імі звязана жыццём, бо для душы ўсяго там многа, яны, як светач, у кожны дом”.

Здаецца, што Валянціна Пчолка і размаўляе вершам, бо на кожную, і святочную, і нават побытавую сітуацыю ў яе гатовы вершаваныя радкі. Любіць добры гумар, і нават пажартаваць з самой сябе. Валянціна Пчолка з гумарам расказвае пра падвоены ганарар, які яна атрымала за адзін і той жа верш і з “Віцьбічаў”, і з артыстаў прыезджага цырка. Адбылося гэта так.

– Напякла я дранікаў і яшчэ гарачымі панесла іх ў цырк. Залацістыя аладкі ўсім спадабаліся, мяне узнагародзілі пахвалой, а я вырашыла у адказ аддзячыць артыстаў вершам: “Узнімуся раненька, бульбы набяру. Напяку я дранікаў цэлую гару! Ой, мае вы дранікі, цуда-дзеруны, нас вы ратавалі і ў час вайны. Каб не тыя дранікі, не бліны-аладкі, як бы ўзрасцілі нас, як бы ўзнялі маткі”.

Адзін з артыстаў нечакана выняў з кішэні вялікую паперу грошаў: “Гэта за таленавітыя словы, за прачулены радок!” Гатуеце вы добра, а верш яшчэ смачнейшы!”

– Вось так бабуля зрабіла бізнес на драніках!, – ўсміхаецца Валянціна Пчолка.

Літаратурныя сустрэчы яна праводзіць з людзьмі паўсюль, дзе знаходзіцца, на рынку, у транспарце… ёй важна ведаць іх меркаванні, думкі. Аднойчы яе творчасць выклікала вельмі прыгожы камплімент. Калі Валянціна Ягораўна зачытала ў жывой чарзе свае радкі “Ледзь вымаўлю слова – Купала, і бераг паўстане ў зары, сцяжына з аерам прывялым, акопаў ланцуг на Дняпры”, ёй адказалі “Ды што вы бабулька, гэта ж не ваша, гэта, пэўна, нейкі народны паэт напісаў прысвячэнне Купалу!”

Аўтар артыкула думала, які ўдалы псеўданім абрала сабе Валянціна Ягораўна – руплівая залацістая пчолка, якая збірае нектар паэзіі з жыццёвых палёў і ператварае яго ў мядовыя соты вершаў, але Пчолка яна не толькі ў літаратуры.

– З такім прозвішчам і псеўданім не патрэбны, яно сапраўды мне падыходзіць, – гаворыць Валянціна Ягораўна.

Лёс у яе, як даведалася з размовы, быў нялегкім, поўным выпрабаванняў, як жа зберагла яна светлы погляд на жыццё, дабрыню, шчырасць? Адказ – зноў жа ў саміх радках: “Хоць і дожджык шапаціць, пчолкам трэба мёд насіць, і гудзе пчаліны рой у маліне пад сасной. Што ні кветка – парасон, ўніз пялёсткі звесіў ён. І хоць дождык церушыць, кветка кожная – звініць”.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Кацярына ПУЧКОВА. Фото kuda-mo.ru