Сын Мiхася Лынькова ўспамiнае свайго бацьку, сустрэчы з Машэравым i Танкам, працу ў БДУIР

logo
Вторник, 16.04.2019 14:15 | Рубрика: Год народного единства
02140

Напэўна, многія з тых, хто калісьці вучыўся ў школе, памятаюць аповесць “Міколка-паравоз” і апавяданне “Васількі” Міхася Лынькова. А мне нядаўна выдалася магчымасць пагутарыць з цікавым чалавекам, сынам Міхася Лынькова — Леанідам.

Ён жыве ў Мінску, але ў яго ёсць дача ў Браслаўскім раёне, там я з ім і пазнаёмілася.

Леанід Лынькоў — доктар тэхнічных навук, прафесар, ужо некалькі гадоў на пенсіі, да гэтага часу працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыётэхнікі, загадваў кафедрай абароны інфармацыі. Леанід Міхайлавіч шмат чытае, любоў да літаратуры ў яго ад бацькі.

У прыватнай размове пенсіянер падзяліўся ўспамінамі пра Міхася Лынькова, адзначыўшы, што той заўсёды вучыў яго зарабляць грошы сваёй працай.

Гасціннасць

— Частымі гасцямі ў нас дома былі Іван Мележ, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Сяргей Прытыцкі, Пётр Машэраў, Бэла Ахмадуліна і многія іншыя. Сяргей Грахоўскі і Аркадзь Куляшоў жылі з намі ў адным доме. Мы сябравалі з іх дзецьмі”, — успомніў Леанід Міхайлавіч.

Нарач і маторныя лодкі

Адным з любімых заняткаў Міхася Лынькова была рыбалка. Кожнае лета выязджала сям’я на дачу каля Нарачы.

— Бацька любіў пракаціць турыстаў па рацэ. Матор моцны (дзесяць конскіх сіл), лодка ідзе хутка і вада б’е з усіх бакоў, бедны турыст спалохаецца не на жарт і марыць пра тое, каб усё гэта як мага хутчэй скончылася. Калі да берага падплывалі, пасажыры хутка выскаквалі і наўцёкі. На наступны дзень бацька зноў прапаноўваў пракаціцца, але ўжо вопытныя турысты адмаўляліся ад такой “забаўкі”, — з усмешкай на твары расказаў Леанід Міхайлавіч.

Пры гэтым Міхаіл Ціханавіч калекцыяніраваў лодачныя маторы, іх у яго было ці не два дзясяткі. А калі ўсім забаранілі карыстацца такімі маторамі, то яму выпісалі асабісты дазвол.

Апошнія гады

Міхаіл Ціханавіч ніколі не злоўжываў алкаголем, толькі паліў. Па ўспамінах яго сына, пісьменнік не дазваляў сабе лішняга нават на святы, на дзень нараджэння звычайна адкаркоўваў бутэльку шампанскага.

— Ва ўзросце 68 гадоў бацька практычна перастаў пісаць з-за стану свайго здароўя. Складвалася ўражанне, што яму гэта стала нецікава. Зрэдку даваў інтэрв’ю. У свае апошнія гады жыцця шмат часу праводзіў на дачы, непадалёку знаходзіўся санаторый, дзе адпачывалі і яго сябры, — адзначыў Леанід Міхайлавіч.

Цікава, што калі Леанід Лынькоў вучыўся ў школе, то ён любіў урокі літаратуры і добра пісаў сачыненні. Але настаўніца матэматыкі заўважыла матэматычныя здольнасці і параіла паступаць у тэхнічную вышэйшую навучальную ўстанову. Так і звязаў жыццё Леанід Міхайлавіч з тэхнікай. Але ў душы застаўся хутчэй літаратарам, рамантыкам, які любіць беларускую зямлю, як і яго бацька.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алеся МЯДЗІЛЬ, студэнтка 3-га курса філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава.