© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.
Незвычайная віншавальная акцыя ўпершыню адбылася ў Віцебскім абласным радзільным доме напярэдадні каталіцкіх Калядаў. Па запрашэнні галоўнага ўрача Алены Леановіч радзільны дом наведала дэлегацыя ў складзе біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча, намесніка дырэктара дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Івана Пузанава, валанцёра фонду Вольгі Чаркасавай і супрацоўніцы дабрачыннага таварыства «Карытас» Дар’і Галубковай.
Госці ўстановы прайшлі ў аддяленне і па чарзе, з палаты ў палату, біскуп Алег павіншаваў маладых маці найперш з нараджэннем дзяцей, а таксама з Раством Хрыстовым і Новым годам. Ён паблаславіў немаўлят і ўручыў матулям падарункі, падрыхтаваныя фондам «Адкрытыя сэрцы» і дабрачынным таварыствам «Карытас». Тыя, хто нарадзіў першынца, ды і не толькi яны, атрымалі настаўленне праз пэўны час прыйсці сюды за другім дзіцём, бо ў вялікай сям’і і сапраўднае шчасце, і асаблівы сэнс жыцця.
Зайшлі госці i ў пакой для выпіскі пацыентак з нованароджанымі. Тут таксама вельмі святочная атмасфера, а на сценах — і праваслаўная, і каталіцкая іконы. Алена Леановіч прыгадала, што ў гэтым пакоі неяк праводзіўся абрад хрышчэння немаўляці, а ў такія святочныя дні дзетак урачыста перадаюць шчаслівым татам і родным Дзед Мароз са Снягуркай. Біскуп Алег зазначыў, што віншаванне маладых маці — важная справа для касцёла ў наш час, калі чалавек не заўсёды шануецца. Жанчыны, якія прымаюць дзіця як Божы дар, заслугоўваюць самай вялікай пашаны.
У радзільнага дома і фонду абароны жыцця, сям’і і традыцыйных каштоўнасцей «Адкрытыя сэрцы» раней ужо былі агульныя праекты. Яго валанцёры займаюцца дапамогай жанчынам у крызісных сітуацыях, цяжарным жанчынам, удзельнічаюць у вядзенні перадабортнага кансультавання. Дамовіліся супрацоўнічаць і далей, каб на нашай зямлі як мага больш нараджалася здаровых дзяцей, каб ўсе сем’і былі шчаслівымі.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.