Велікоднае віншаванне Алега Буткевіча, біскупа Віцебскага

logo
Пятница, 14.04.2017 18:05 | Рубрика: Религия
02517

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, дарагія вернікі!

«Не бойцеся, ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага, няма Яго тут, Ён ува­скрос, як сказаў...» (Мц. 28, 5-6). Словы Анёла, якога сустрэлі жанчыны на досвітку каля магілы, дзе было пакладзена цела Езуса, наноў абвяшчаюць нам радасную вестку пра вялікую перамогу Езуса Хрыста над грахом і смерцю і Яго прысутнасць сярод нас!

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Мы паўтараем гэтыя словы ўслед за хрысція­намі, якія на працягу вякоў на гэтай праўдзе будавалі падмурак цывілізацыі, да якой мы належым. Вера ва ўваскрасенне была верай найперш Апосталаў, якія не маглі маўчаць «...пра тое, што... бачылі і чулі» (Дз. 4, 20). Яны былі першымі сведкамі таго, што ўчыніў Езус, прабываючы на зямлі, а таксама сведкамі Яго пакутаў, смерці і ўваскрасення.

Шмат хто сёння, выкарыстоўваючы аргумент апостала Тамаша, кажа: «пакуль не ўбачу — не паверу!» Няхай перад нашымі вачыма заўсёды стаіць вобраз гэтага ж Апостала, які, дакрануўшыся да ран на целе Уваскрослага Настаўніка, сказаў: «Пан мой і Бог мой!» І праз нявернага Тамаша на нас няхай сыходзіць бласлаўленне Хрыста для тых, хто не бачыў, а паверыў.

Знакаў дзеяння Уваскрослага Хрыста сярод свайго народа ёсць вельмі шмат. Хачу пажадаць, каб зноў і зноў мы адкрывалі Яго прысутнасць у сваім жыцці. Няхай Велікодныя Святы адновяць нашую веру і прынясуць супакой і радасць, якія дае ўдзел у перамозе Хрыста над грахом і смерцю! Прыняцце Уваскрослага Хрыста няхай дапаможа нам жыць у згодзе і прабачэнні паміж роднымі і блізкімі, усімі вызнаўцамі Езуса, бо для Яго мы ўсе дзеці Божыя, якім падрыхтаваны ўдзел у Валадарстве Нябесным. Жадаю ўсім радасных Святаў, здароўя, супакою і Божага бласлаўлення!

Хрыстос Уваскрос! Аллелюя!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.