Председатель Витебского облисполкома и бискуп Витебский поздравили христиан Придвинья с католической Пасхой

logo
Пятница, 25.03.2016 20:17 | Рубрика: Религия
02804
Са святам Вялікадня
Дарагія жыхары вобласці! Сардэчна віншую вас !

Урачыстасць Уваскрасення Хрыста абуджае сэрцы вернікаў да самых светлых памкненняў, дорыць надзею, аб’ядноўвае людзей. Прыходзіць перыяд веснавога аднаўлення,  абуджаецца зямля і прырода, чалавек адкрыты да міласэрнасці, усёдаравальнасці. Галоўнае хрысціянскае свята нагадвае нам пра вялікую ахвяру, якая была прынесена на карысць усяго чалавецтва.

Сёння ў свеце чуваць трывожныя выклікі і пагрозы мірнаму суіснаванню грамадства.  Хрысціяне аб’ядноўваюцца на шляху да міру і цывілізаванага вырашэння канфліктаў.

Ва ўсе часы ўрачыстасць Вялікадня сведчыць пра сутнасць веры, сімвалізуе сэнс жыцця і ахвярнай любові. Няхай святочны настрой прыносіць у вашы сем’і душэўны спакой і радасць, натхняе на стваральную працу і добрыя ўчынкі.

Жадаю вам здароўя, аптымізму, шчасця і дабрабыту, поспехаў у справах на карысць роднай Віцебшчыны!

З павагай Мікалай Шарснёў, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце!
Скончыўшы саракадзённы пост, мы з вялікай радасцю сустракаем Свята Уваскрасення нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Непасрэднымі ўдзельнікамі і першымі сведкамі Пасхальных падзей Хрыста сталі апосталы, і дзякуючы ім мы сёння вызнаём праўду пра ўваскрасенне з мёртвых. Гэтая праўда змяніла жыццё апосталаў, якія паверылі і пераканаліся, што іх Настаўнік — гэта «Хрыстос, Сын Бога жывога» (Мц 16.16), Які ўваскрос і «...сядзіць праваруч ад Бога» (Гбр 10, 12). Гэтая праўда павінна і сёння змяняць у першую чаргу жыццё тых, хто яе вызнае. Калі чуем у гэтыя дні радасны вокліч «Хрыстос уваскрос!», то наш адказ — «Сапраўды ўваскрос!» — няхай будзе выразам моцнай веры ў тое, што Хрыстос сапраўды жыве, прабывае з намі «...ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).

Вызнаваць гэтую праўду ў сучасным свеце, які часта варожа настаўлены да хрысціянскіх каштоўнасцей, нялёгка. Ва ўсе вякі моц для пераадолення цяжкасцяў хрысціянам давала вера ва Уваскрослага і прысутнага ў іх жыцці Збаўцу. Таму і нам няхай заўсёды спадарожнічаюць словы Хрыста, сказаныя Ім падчас Апошняй Вячэры: «...У свеце будзеце мець прыгнёт, але будзьце адважныя: Я перамог свет». (Ян 16.33).

І сёння мы бяром удзел у гэтай перамозе Божага Сына. Прайшоўшы праз браму смерці і вярнуўшыся да жыцця, Хрыстос скіроўвае да нас словы, як калісьці да апосталаў: «Супакой вам» (Лк 24, 36). Няхай гэты супакой заквітнее глыбокай верай, непахіснай надзеяй і трывалай любоўю ў жыцці кожнага з вас і дапаможа стацца па-сапраўднаму міласэрнымі, як наш нябесны Айцец! Божага святла і радасці ў Дзень Вялікай Хрыстовай Пасхі! Хрыстос Уваскрос! Аллелюя!

Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.