4 красавіка вернікі каталіцкай канфесіі святкуюць Вялікдзень: віншаванне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча

logo
Суббота, 03.04.2021 12:00 | Рубрика: Религия
07506
Сёння вернікі каталіцкай канфесіі святкуюць Вялікдзень.
Віншаванне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча


Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!
“Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3,16).
Свята Пасхі мае свой пачатак у гісторыі вызвалення Абранага Богам народа з егіпецкай няволі. Пасха, перажытая Езусам Хрыстом, распачала новую гісторыю – гісторыю вызвалення ўсяго свету з няволі граху і смерці. Гэтая гісторыя праходзіць праз жыццё кожнага з нас і дакранаецца да самай глыбіні душы і сэрца чалавека. На яе можна заплюснуць вочы, але тады мы становімся падобнымі да фараона, які, ігнаруючы папярэджанні Маісея, наклікаў на сябе і свой народ бедствы.
Але можна падобна да габрэяў у Егіпце, якія ў Пасхальную ноч пазначылі дзверы сваіх дамоў крывёй ягняці, і нам прыняць удзел у збаўчай Ахвяры Божага Сына, акрапляючы сваё сэрца Крывёю Хрыста і ратуючы сябе такім чынам ад вечнага пакарання.
Так дзейнічае Міласэрная Любоў Уваскрослага Збаўцы.
Яна ніколі не нараджала рэвалюцый і не прэтэндавала на месца ў палітычным істэблішменце, але заўсёды закладала трывалы падмурак цывілізаванага развіцця чалавецтва. Прынятая як узор да наследавання не толькі адкрывае нам браму ў вечнае жыццё, але перадусім робіць нас здольнымі годна прайсці свой зямны шлях.
Сёння мы асаблівым чынам адчуваем патрэбу ў духоўнай сіле і мудрасці, каб пераадолець выпрабаванні, якія апошнім часам выпадаюць на наш лёс. Сёння нам патрэбная вера, каб з надзеяй глядзець у будучыню і каб з любоўю будаваць нашую сучаснасць. Менавіта з любоўю, бо толькі яна здольная навучыць чалавека размаўляць і прабачаць, быць спагадным і разумець патрэбы бліжніх, радавацца і спачуваць, як гэта рабіў Хрыстос. А Ён перамог гэты свет, свет, які часта быў варожа настаўлены да Яго. Перамог праз свой Крыж і Уваскрасенне. Перамог, не прыніжаючы сваіх апанентаў да зямлі, але ўздымаючы чалавека з бруду граху і смерці, вяртаючы яму годнасць Божага Сыноўства.
Паспрабуйма ісці гэтым шляхам Хрыста – цярністым і вузкім, але пэўным і пераможным! Шляхам, напрыканцы якога ззяе хвала Уваскрослага Збаўцы. І няхай яна асвячае кожнае вашае сэрца, кожны ваш дом і нашую родную Беларускую Зямлю – зямлю пад белымі крыламі! Здароўя і Божага бласлаўлення! Хрыстос Уваскрос! Са Святам!
Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by