Дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома наведалiся ў Шумілінскі раён i сустрэліся з калектывам СШ № 2 райцэнтра.
— Ідзе вывучэнне сітуацыі ва ўстановах адукацыі раёна ў сувязі з рэформай сістэмы адукацыі, пераходам на нарматыўнае фінансаванне. Прынцыпова важным становіцца стварэнне аптымальнай сеткі ўстаноў, рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, — адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў.
Штогод у вобласці ў рамках падрыхтоўкі да «Дажынак» (сёлета яны пройдуць у Шуміліне), а таксама па праграме развіцця малых гарадоў робяцца істотныя ўкладанні ва ўстановы адукацыі.
Часта гэтыя работы становяцца пачаткам глыбокіх пераўтварэнняў і працягваюцца некалькі год. Так, летась новае аблічча набыла Обальская СШ. Базавай установай у рамках падрыхтоўкі да «Дажынак» у Шуміліне з’яўляецца СШ № 1, якая стане «Школай будучага».
Пакінуць без увагі СШ № 2 таксама немагчыма. Вакол яе будуецца новы мікрараён, які засяляюць маладыя і шматдзетныя сем’і, у школе стабільна расце колькасць вучняў.
У ходзе адкрытай размовы супрацоўнікі ўстановы звярнулі ўвагу на неабходнасць стварэння школьнага стадыёна, гаварылі пра недахоп вучэбных памяшканняў, перапоўненасць дзіцячага садка, адсутнасць гульнявых пляцовак і іншае.
— Самымі вострымі з’яўляюцца праблемы з харчаблокам, санвузламі, спартыўнай залай, зносам аварыйных будынкаў на тэрыторыі школы, агароджваннем тэрыторыі, — пералічыла дырэктар школы Жанна Рагуновіч.
Дзмітрый Хома заўважыў, што на капітальны рамонт устаноў адукацыі Шумілінскага раёна на 2021 год выдзелена 3 мільёны рублёў.
Госці наведалі таксама гімназіюінтэрнат і СШ № 1 Шуміліна.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.