Ужо ў 14-ы раз самых ініцыятыўных хлопцаў і дзяўчат, сакратароў першасных арганізацый БРСМ, членаў маладзёжнай палаты з усяго паўночнага рэгіёна Беларусі сабраў аздараўленчы лагер «Арляня» ў Бешанковiцкiм раёне.
«За тры моры» — менавіта так у гэтым годзе называецца яго легенда. Акрамя займальных гісторый, прыгод і розных мерапрыемстваў, у лагеры запланавана вучоба актыву, якая ўключае заняткі на камандаўтварэнне, фарміраванне лідарскіх якасцяў, камунікабельнасць, узаемадзеянне лідара і каманды.
Урачыстае адкрыццё трэцяй аздараўленчай лідар-змены адбылося 10 жніўня. Традыцыйна свята пачалося з пастраення і рапартаў камандзіраў. На ўрачыстай лінейцы пад гімн рэспублікі права для ўзняцця дзяржаўнага сцяга было прадастаўлена камандзірам атрадаў лагера. Павіншавала падрастаючае пакаленне ў гэты цудоўны вечар з адкрыццём змены начальнік лагера Ларыса Жуковіч.
— Сёлета ўдзельнікамі лідар-змены з’яўляюцца 155 чалавек з Віцебска, Наваполацка, Браслава, Чашнікаў, Сянно, Оршы, Паставаў і іншых рэгіёнаў Віцебшчыны, — адзначыла Ларыса Фёдараўна. — З намі па даўняй традыцыі супрацоўнічае педагагічны атрад «НЛА» (новы лідарскі атрад), які, заўважу, быў прызнаны лепшым у рэспубліцы па выніках працоўных семестраў апошніх двух гадоў.
Пасля афіцыйных урачыстасцяў усе накіраваліся ў клуб, дзе моладзь, заручыўшыся падтрымкай важатых, паказала прэзентацыі сваіх атрадаў. Гумарыстычныя сцэнкі, песні, яркія эстрадныя пастаноўкі — у зале не змаўкалі дружныя апладысменты ў адрас «артыстаў». Пасля канцэрту ўсіх чакала начная дыскатэка.
Несумненна, кожная змена ў лагеры «Арляня» — гэта заўсёды добры настрой, усмешкі, радаснае чаканне новых сустрэч, цікавых спраў і нават цудаў. Хіба можа быць інакш? Наперадзе ў хлопчыкаў і дзяўчынак цэлая змена... Гэта час радасці, сустрэч, знаёмстваў і новых уражанняў. Лета для дзяцей — лепшая пара года, такая доўгачаканая і не падобная на школьную. Няхай дні, праведзеныя ў «Арляня», надоўга застануцца ў памяці моладзі.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.