13 мая ў Шаркаўшчынскім райвыканкаме адбылася пазачарговая 29-я сесія раённага Савета дэпутатаў. Удзел у нарадзе прымаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. На парадку дня было адно пытанне — аб зацвярджэнні старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама.
Распараджэннем М. Шарснёва па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам на гэтую пасаду прызначаны Дзмітрый Ламака. Дагэтуль ён працаваў на пасадзе першага намесніка старшыні — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шаркаўшчынскага райвыканкама.
— Наперадзе маштабная сумесная мэтанакіраваная работа па выкананні паказчыкаў і мерапрыемстваў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2016 — 2020 гады, — адзначыў Дзмітрый Міхайлавіч. — Шаркаўшчынскі раён — сельскагаспадарчы. У гэтай галіне занята каля 40 працэнтаў насельніцтва. Ёсць канкрэтныя вынікі, але, на жаль, пакуль мы не можам гаварыць пра іх значнасць. У планах — павелічэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы і малочнага статка. У 2017 годзе ў раёне мяркуецца адкрыццё трох дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, працаўладкаванне больш за 50 чалавек. Плануецца адкрыццё вытворчасцяў па перапрацоўцы ПЭТ-бутэлькі, па вырабу пелетаў.
Сваім бачаннем сітуацыі ў рэгіёне падзяліўся М. Шарснёў. Кіраўнік вобласці адзначыў, што Шаркаўшчынскі раён павінен быць моцным, бо тут жывуць працавітыя людзі. І надалей трэба развіваць сельскую гаспадарку, прамысловасць, сацыяльную сферу. Неабходна ствараць новыя працоўныя месцы, асвойваць вытворчасць новых відаў канкурэнтаздольнай прадукцыі. Даць людзям магчымасць зарабіць, што, у сваю чаргу, павысіць узровень жыцця.
Мікалай Шарснёў нагадаў, што трэба думаць пра раённы бюджэт, бо зараз Шаркаўшчынскі рэгіён атрымлівае вялікія датацыі з абласнога бюджэту. Старшыня аблвыканкама паставіў задачу павялічыць вытворчасць працы і вырабляць больш прадукцыі. А для гэтага, па словах Мікалая Мікалаевіча, створаны ўсе ўмовы. І тады рэгіён будзе развівацца і будзе расці дабрабыт шаркаўчан.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.