Абіраем намінанта на званне "Птушкі 2021 года" ўсёй краiнай

logo
Среда, 08.01.2020 11:32 | Рубрика: Общество
03039

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» праводзіць анлайн-галасаванне на званне крылатага сімвала наступнага года! Прагаласаваць можна па спасылцы ptushki.org/birdoftheyear да 1 лютага ўключна.

У спісе для анлайн-галасавання — шэрая валасяніца, ляляк і ластаўка-зямлянка. Таксама можна дадаць іншы від, які раней не быў птушкай года.

Ластаўка-зямлянка (Ласточка-береговушка) – звычайны шырока распаўсюджаны від, але менш вядомы, чым іншыя віы ластавак. Гняздуецца вялікімі калоніямі ў пясчаных абрывах. Часам калоніі разбураюцца падчас распрацовак кар’ераў з будаўнічым пяском.

Ляляк (Козодой) – адзіны прадстаўнік атраду лялякападобных у нашай краіне. Адзін з майстроў камуфляжу. Афарбоўка апярэння ляляка цудоўна маскіруе яго на фоне лясной падсцілкі або ствала дрэва. Найбольшую актыўнасць праяўляе ў цёмны час сутак. Харчуецца начнымі лятучымі насякомымі. У гнездавы сезон птушкі часта трапляюць ноччу пад колы машын, якія рухаюцца на вялікай хуткасці па лясных асфальтаваных дарогах.

Валасяніца шэрая (Серая мухоловка) — звычайная пералётная птушка. Насяляе звычайна лясы. Селіцца і ў населеных пунктах. Птушкі харчуюцца лятучымі насякомымі. Чалавек можа дапамагчы гэтаму віду, вырабляючы адмысловыя паўадкрытыя домікі для гнездавання.

Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ: «Пераможцы «народнага галасавання» не раз атрымлівалі потым ганаровае званне птушкі года. Напрыклад, глушэц – птушка 2020 года – быў вылучаны кандыдатам якраз у выніку анлайн-галасавання. Менавіта ваш голас можа быць вырашальным! Раскажыце знаёмым пра такую магчымасць — кожны з нас можа арганізаваць сапраўдную перадвыбарчую кампанію для ўлюбёнага віду».

Від, які набярэ найбольш галасоў на сайце АПБ, 8 лютага пазмагаецца за званне птушкі 2021 года са звычайнай туркаўкай і стрынаткай-чаротаўкай, намінаванымі Цэнтральным Саветам і Сакратарыятам АПБ. У гэтым заключным этапе выбараў птушкі года ўдзел возьмуць сябры арганізацыі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by