«Кніга, патрэбная народу». У Віцебску адбылася прэзентацыя перавыдання кнігі «Віцебскае падполле» Ніны і Мікалая Дарафеенка

logo
Среда, 26.06.2024 21:24 | Рубрика: Общество
01508

У юбілейны дзень, прысвечаны вызваленню Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у абласной бібліятэцы прайшла тэматычная сустрэча «Тры штыкі вартуюць цішыню...».

Аматарам гісторыі і краязнаўства, зацікаўленым гараджанам прэзентавалі трэцяе выданне кнігі «Віцебскае падполле» Ніны і Мікалая Дарафеенка, Мікалая Пахомава.



Вядучы мерапрыемства, загадчык аддзела краязнаўства абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова нагадала, што упершыню кніга пра герояў віцебскага патрыятычнага падполля ўбачыла свет у 1969 годзе. У другое выданне 1974 года аўтары ўнеслі некаторыя змены. З таго часу прайшло 50 гадоў. Віцебскія навукоўцы, краязнаўцы, гісторыкі падчас розных тэматычных сустрэч шамт разоў нагадвалі, што неабходна працягнуць справу таленавітых аўтараў і перавыдаць патрэбную сення кнігу пра сапраўдную барацьбу нашых землякоў.

Ініцыятарам трэцяга выпуску кнігі стала Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, якая на пастаяннай аснове праводзіць героіка-патрыятычную і гісторыка-краязнаўчую работу. Дзякуючы падтрымцы старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара выдавецкага дома «Звязда» Алеся Карлюкевіча кніга «Віцебскае падполле» выйшла напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі.

Дакументальнае апавяданне дапоўнена апошнім артыкулам Ніны Дарафеенкі пра подзвіг Веры Харужай у Віцебску, таксама змешчана каляровая ўклейка з фотаздымкамі вядомых віцебскіх падпольшчыкаў.

- Мне вельмі прыемна, што трэцяе выданне кнігі выйшла ў амаль нязменным выглядзе, на добрай паперы і якаснай вокладцы, - адзначыў кандыдат гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі і культурнай спадчыны ВДУ імя П.М. Машэрава Анатоль Дулаў. - Упэўнены, што кніга выклікае зацікаўленасць у чытачоў грамадскіх бібліятэк, даследчыкаў, аматараў гісторыі і моладзі. Маладое пакаленне зможа даведацца пра той неверагодны патрыятычны дух, гераічныя подзвігі простых людзей дзеля вызвалення краіны. Нам варта памятаць пра герояў віцебскага падполля і передаваць гэтыя веды нашчадкам.

Менавіта Анатоль Дулаў напісаў перадумову да апошняга перавыдання, падкрэсліўшы ў ім, што «Віцебскае падполле» заўсёды была і застаецца народнай і праўдзівай кнігай. Яе аўтары - Ніна і Мікалай Дарафеенка правялі масштабную пошукавую работу, асабіста сустракаліся з удзельнікамі і сведкамі ваенных падзей. Кніга заснавана выключна на дакументальнай аснове і гістарычных фактах, уключаных у кандыдацкую дысертацыю Ніны Дарафеенка.

Удзельнікі творчай сустрэчы ўспаміналі аўтараў кнігі, іх неацэнны ўклад ў гісторыю патрыятычна-вызваленчага руху на Беларусі. На прэзентацыі таксама выступіла дачка Ніны і Мікалая Дарафеенка Валянціна Кучарэнка. Яна ўручыла новыя кнігі сваіх тым, хто дапамагаў з яе падрыхтоўкай і выданнем.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юлія ПРЫШЧЭПА. Фота аўтара.