Біскуп Віцебскі павіншаваў хрысціян з Пасхай

logo
Воскресенье, 31.03.2024 08:33 | Рубрика: Общество
0590

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі!

Словы Евангелля паводле св. Яна адлюстроўваюць сутнасць таго, што адбылося ў гэтыя Пасхальныя дні, калі мы перажываем найбольшае хрысціянскае свята — Уваскрэсенне Езуса Хрыста. Чарговы раз мы ўвахо­дзім у таямніцу Крыжовай смерці і Уваскрэсення нашага Збаўцы і прагнем падзяліцца з усім светам гэтай радасцю: Бог не адмяніў свайго намеру ратаваць гэты свет, як глыбока б ён не паграз у граху, не страціў сваёй любові да чалавека. Як скажа апостал Павел: «Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові да нас і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом» (Эф 2,4-5). І на іншым месцы: «Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6,8-9). Так выглядае перспектыва годнага жыцця — жыцця не толькі ў гэтым свеце, але і ў вечнасці.

Крыніцай радасці свята Уваскрэсення з’яўляецца яшчэ і таму, што «ў Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі дзякуючы крыві Хрыста... Ён абвясціў спакой вам, якія далёка, і спакой тым, якія блізка» (Эф 2,13.17). Не існуе больш магутнай сілы прымірэння і паяднання, якую чалавек можа мець праз веру ў Езуса Хрыста. Гэтая вера заўсёды была ўмацаваннем і паратункам для чалавека, асабліва ў хвіліны выпрабаванняў. Такой яна застаецца і зараз.

Няхай Уваскрэслы Хрыстос сваёй моцаю сцеражэ сучасны свет ад раздораў, войнаў і знішчэння, а для кожнага з вас стане крыніцай надзеі, сапраўднай радасці і супакою!

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Са Святам!

Алег БУТКЕВІЧ, біскуп Віцебскі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by.