Вечарыны беларускiх побытавых танцаў сталi ладзiць у Тулаўскiм сельскiм доме культуры

logo
Суббота, 06.04.2024 14:47 | Рубрика: Культура
01350

Адзiн раз на два тыднi аматараў такога баўлення часу запрашаюць па суботах акунуцца ў чароўны свет музыкі і харэаграфіі. Першыя сустрэчы, як расказала культарганiзатар гэтай установы культуры Ксенiя Акулiч, адбылiся яшчэ ў лiстападзе мiнулага года i прыйшлiся даспадобы людзям рознага ўзросту. Зараз у аграгарадок Тулава прыязджаюць патанчыць нават семьямi.

Заняткi праводзяць загадчыца СДК Марына Яско, а таксама Ксенiя i Яўген Акулiч, якiя ў сваёй скарбонцы творчых дасягненняў маюць мноства розных узнагарод. На працягу трох гадзiн яны вучаць дарослых i маленькiх наведвальнiкаў танцам нашых продкаў: «Месяц», полька, кракавяк, «Мальвiна», «Яблычак» i iншым. Кожны раз праграма змяняецца, але некалькi танцаў абавязкова паўтараюцца, каб людзi маглi замацаваць у памяцi ўжо знаёмыя элементы i палепшыць узровень iх выканання.


— Акрамя таго, мы прапаноўваем беларускiя народныя гульнi. Напрыклад, «Явар», «Дудар», — распавядае Ксенiя. — Падчас першай пара бярэцца за рукі і падымае іх над галавой, утвараючы «мост». Астатнія ўдзельнікі карагодам прабягаюць пад ім і спяваюць. Не меньш цікавая і другая гульня. 

Таксама аматарам такіх сустрэч паказваюць кароткія фільмы пра вядомых фалькларыстаў, беларускія музычныя інструменты, нацыянальныя абрады і касцюмы. Абавязкова падчас кожнай сустрэчы частуюць гарбатай, прыгатаванай з карысных зёлак.


Удзельнікі могуць падзяліцца ўражаннямі і эмоцыямі ад вечарыны, а таксама прапанаваць сваю тэму для абмеркавання. Перыядычна на занятках праводзяцца розныя майстар-классы па беларускіх традыцыйных рамёствах.


Тым, хто хоча авалодаць беларускімі побытавымі танцамі яшчэ лепш, прапаноўваюць бясплатныя майстар-классы, на якіх больш дэтальна можна развучыць усе элементы. Час i дзень заняткаў узгадняюцца iндывiдуальна. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на старонцы ў Інстаграм @tulovo_sdk.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ЛЮБАЧКА. Фота прадастаўлена Тулаўскiм СДК.