Узнагародамі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў адназначаны артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

logo
Четверг, 17.04.2025 09:39 | Рубрика: Культура
01340
Артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адназначаны ўзнагародамі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.


Пра ўзнагароды Беларускага саюза тэатральных дзеячаў было вядома яшчэ напрыканцы сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра. Сёлета старшыня саюза, доктар мастацтвазнаўства прафесар Вераніка Ярмалінская вырашыла ўручаць прызы і граматы не толькі ў Мінску, але непасрэдна на сцэнах беларускіх тэатраў.

На вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ўвечары пасля спектакля "Нібыта хворы" адбылося ўрачыстае мерапрыемства. Перад узнагароджаннем Вераніка Ярмалінская падзякавала гледачам за іх шчырыя пачуцці да тэатральнага мастацтва, да творчасці легендарнага тэатра імя Якуба Коласа: “Я думаю, што вы любіце тэатр, бо гэта такое мастацтва, якое нельга не любіць”.

Граматай БСТД за яскравы дэбют – ролю Рыбака ў спектаклі "Сотнікаў" паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава – узнагароджаны малады артыст Дзмітрый Філімоненкаў. Ён выходзіў на сцэну у камедыі масак “Нібыта хворы” ў ролі Клеанта і Палішынеля.


Узнёслымі крыкамі "Брава!" за галоўную ролю Аргана дзякавалі гледачы вядучаму майстру сцэны Яўгену Берасневу. Менавіта ён атрымаў прыз "Крыштальная зорка" і дыплом за вялікі ўклад ў тэатральнае мастацтва Беларусі. Больш за 20 год іграе Яўген Бераснеў на коласаўскай сцэне, з'яўляецца адным з самых запатрабаваных артыстаў дзякуючы сваёй працавітасці і высокаму акцёрскаму майстэрству.


"Сёння ў Коласаўскім тэатры зоркі сышліся", – адзначыла Вераніка Ярмалінская. І гэта праўда, бо ў спектаклі "Нібыта хворы" ігралі актрысы, якія ў летась атрымалі прызы БСТД. У 2024 годзе "Крыштальнай Паўлінкай" была ўзнагароджаная заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь старшыня Віцебскай абласной арганізацыі БСТД Тацця Ліхачова. "Крыштальную зорку" атрымала адна са старэйшых артыстак тэатра Зінаіда Гурбо.


Прыемнай нечаканасцю для гледачоў быў выхад на сцэну заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Віктара Клімчука, у мінулым – мастацкага кіраўніка заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Беларускага тэатра "Лялька". Па рашэнні Саюза тэатральных дзеячаў ён узнагароджаны прызам "Крыштальны анёлак" і дыпломам за яркае і таленавітае жыццё ў тэатры лялек. Коласаўскі тэатр для рэжысёра Віктара Ігнатавіча таксама з'яўляецца родным. Бо пад яго кіраўніцтвам трупа артыстаў-лялечнікаў пачала працаваць тут у 1985 годзе, а потым стварылі і свой тэатр. Зараз "Лялька", яго акцёры і сам Віктар Клімчук вядомыя сваімі спектаклямі далёка за межамі Беларусі, чым прынеслі славу і гонар роднаму Віцебску.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь ЗАМКОЎСКІ, вядучы рэдактар тэатра імя Якуба Коласа. Фота Алісіі Пахомавай.