За сваю гісторыю Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» прыняў больш за 600 творчых калектываў і каля 500 выканаўцаў з 21 краіны.
З размахам прайшоў і сёлетні музычны форум у Паставах. На розных пляцоўках раёна адбыліся традыцыйны конкурс калектываў і асобных выканаўцаў на народных інструментах «Хто каго?», тэатралізаванае прадстаўленне «Музыка беларускіх палацаў і сядзіб», выступленні замежных творчых калектываў у аграгарадках раёна, адкрыццё галерэі здымкаў былых кіраўнікоў Пастаўшчыны, творчая лабараторыя «Дуда — покліч часу», сустрэчы з паэтамі, пісьменнікамі, навукоўцамі, выставы работ народных умельцаў, аглядконкурс сельскіх падворкаў. Упершыню працавала паштовая лаўка, дзе прапаноўвалася адправіць вестачку з фестывалю.
Узнёслы настрой падарыла ўрачыстае адкрыццё фестывалю на цэнтральнай плошчы райцэнтра. У свяце прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі, а таксама замежныя госці з Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Індыі. Гучнымі апладысментамі віталі гледачы творчыя калектывы і афіцыйныя дэлегацыі, якія ўрачыста прайшлі па плошчы. У знак дружбы ганаровыя госці фестывалю, а таксама тыя, хто завітаў на яго ўпершыню, атрымалі фестывальныя шалікі. Наладжванне мастоў сяброўства працягнуў традыцыйны абрад кумлення, калі кіраўнікі калектываў абменьваліся падарункамі.
— Перш чым атрымаць пастаянную прапіску на Пастаўшчыне, фестываль качаваў па розных гарадах Беларусі. У тым, што ён прыжыўся менавіта тут, вялікая заслуга былога старшыні райвыканкама Васілія Чэпіка, які, нягледзячы на панаваўшае ў той час у рэгіёне беспрацоўе, цяжкае эканамічнае становішча, паверыў у фестываль, змог ацаніць усю глыбіню навуковатворчага праекта па адраджэнні і папулярызацыі нацыянальных музычных традыцый, — сказаў на адкрыцці свята старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. — У далейшым яго энтузіязм падхапілі і падтрымалі паслядоўнікі Ванда Януковіч, Эдуард Казура, Віктар Гутараў, а зараз і Сяргей Чэпік. Дзякуючы ім і іншым апантаным людзям фестываль не проста жыве, а развіваецца, ён унікальны і ўсімі любімы. А пра яго ўзровень сведчыць прадстаўнічае журы на чале з Міхаілам Казінцом.
Незабыўныя ўражанні пакінула адметнае музычнатэатралізаванае прадстаўленне «Пастаўскі баль», які адкрыўся выступленнем камернага аркестра Віцебскага музычнага каледжа. Праграму працягнулi заслужаны аматарскі калектыў Беларусі фальклорны ансамбль «Паазер’е», а таксама фальклорныя калектывы, ансамблі народнай музыкі з Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей і беларускай сталіцы, з гарадоў Літвы, Латвіі, Расіі.
Непадробнае захапленне засталося ў гледачоў ад харэаграфічных нумароў народнага ансамбля танца «На ростанях» Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў і танцавальнага ансамбля «Таміку» (Эстонія). Фурор выклікала экзатычная іскрынка фестывалю — танцавальны калектыў мультыкультурнага цэнтра Shrustii з Дэлі (Індыя).
З надыходам прыцемак ва ўсіх сэнсах слова яскравым атрымалася вогненнае шоу «Алхімік» групы SKY FIRE з Віцебска. Затым фестывальную плошчу напоўнілі прыгожыя і таямнічыя мелодыі часоў Сярэднявечча ў выкананні мінскага фолкгурта Pawa. Завяршыўся другі фестывальны дзень маляўнічым феерверкам і забаўляльнай праграмай для моладзі з удзелам лепшых дзіджэяў вобласці.
Апошні фестывальны дзень парадаваў канцэртамі беларускай класічнай музыкі ў касцёле, ваеннага духавога аркестра Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь на плошчы Леніна. Заключны галаканцэрт і падвядзенне вынікаў конкурсу «Хто каго?» адбыліся ў летнім амфітэатры ў гарадскім парку.
Сваім гасцям фестываль у Паставах надоўга пакінуў зарад энергіі і творчага натхнення.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.